BE RU EN

«Прасіла частку заробку гноем, не дазволілі»

  • 14.02.2019, 17:55

Работнікам калгасу не плацяць з лістапада.

«Тэлефануе дачка-студэнтка, кажа «Мама, грошы патрэбныя! Сяджу без капейкі!». А я зарабіла, бацька зарабіў, але атрымаць і даць дзіцяці ні капейкі не магу!», распавядае маці траіх дзяцей, якая працуе даяркай у ААТ «Чашніцкі аграсэрвіс».

Работнікам калгаса ўжо 3 месяцы не даюць заробак. Кіраўніцтва як і чыноўнікі раёна разводзяць рукамі, маўляў, нічога не зробіш, грошай няма. Tut.by даведаўся, як людзі столькі часу выжываюць без грошай і калі ж ім нарэшце выплацяць заробак.

«Прасіла выпісаць гною на мой заробак, але не далі»

У рэдакцыю патэлефанавала жыхарка горада Чашнікі. З голасу было чуваць, што жанчына ў роспачы.

- Не ведаю, куды ўжо і звяртацца! Нам ужо тры месяцы не даюць заробак - лістапад, снежань і студзень, - кажа яна ўсхвалявана. - Я працую даяркай у ААТ «Чашніцкі аграсэрвіс». У нас палова бухгалтэрыі і кіраўніцтва - пенсіянеры, ім усё адно, даюць заробак ці не, ёсць пенсія. А ў мяне і муж і брат, які жыве з намі, таксама ў гэтым калгасе працуюць.

Жанчына кажа, што на траіх за студзень з разліковых рахункаў мы павінны атрымаць блізу 900 рублёў. Сама яна толькі два месяцы таму выйшла з дэкрэтнага.

- У мяне трое дзяцей. Старэйшая дачка вучыцца ў Віцебску ва ўніверсітэце на чацвёртым курсе. Ейны трохгадовы сын - мой унук, жыве з намі. Сярэдняя дачка вучыцца ў Воршы на настаўніка. Малодшаму сыну тры гады. І сын і ўнук ходзяць у садок, а ён вельмі дарагі. За аднаго дзіцяці трэба плаціць 60-70 рублёў у залежнасці ад наведвання. За садок я плачу своечасова з пенсіі за страту карміцеля, якую выплачваюць на ўнука, - распавядае працаўніца калгасу. - А вось за камуналку я б і рада заплаціць, але няма чым. За ваду і вываз смецця пайшоў трэці месяц пратэрміноўкі, трэба заплаціць 23 рублі.

Сям'я жыве ў прыватным доме. Кожныя два месяцы яна купляе балон газу за 16 з капейкамі рублёў і аплачвае 100 кілават электрычнасці.

- За 100 кілават электрычнасці я заплаціла, мне старэйшая дачка са стыпендыі трохі грошай пералічыла, а яшчэ 50 трэба аплаціць, - кажа жанчына. - Не я сваім дзецям дапамагаю, а яны мне. Крыўдна! Калі б толькі сам жыў, то перабіліся б. Але мне тэлефануе малодшая дачка, кажа «Мама, грошы патрэбныя! Сяджу без капейкі!». А я не ведаю, як ёй дапамагчы. Я зарабіла, бацька зарабіў, а атрымаць і даць дзіцяці грошай мы не можам. Хоць бы ўжо нейкія капейкі давалі.

Са слоў жанчыны, грошай у калгасе няма толькі на заробкі. Да прыкладу, на куплю саляркі іх знаходзяць.

- Самае цікавае, што праз дзень-два ў нас на ферме рэжуць жывёлу. Па 4-5 галоў. Яе камерсанты забіраюць. Кіраўніцтва кажа, што гэтыя грошы ідуць на куплю саляркі для тэхнікі. Але ў нас усяго тры трактары. Колькі на тры трактары трэба той саляркі, каб раз на дзень вывезці гной? Куды сыходзяць грошы? Яшчэ адно тлумачэнне - на запчасткі. Але трактары як стаялі паламаныя, так і стаяць, - кажа даярка. - Звярталіся ў райвыканкам да начальніка ўправы сельскай гаспадаркі і харчавання. Спыталі, калі нас думаюць разлічваць. Сказаў, што не будзе нас падманваць і абяцаць - грошай ніякіх няма. Малаказавод калгасу вінен грошы, але ў яго іх няма, каб нам заплаціць. А як толькі нейкія сродкі паступаюць на рахунак, іх адразу забірае то падатковая, то яшчэ нехта.

Ад безвыходнасці некаторыя работнікі прасілі выдаць заробак прадукцыяй.

- Я ўжо да дырэктара звярталася, прасіла выпісаць частку заробку гноем. Я яго прадала б у вёсцы і хоць на хлеб былі б грошы. Быццам, адразу пагадзіўся. Але начальнік участка не даў дазвол. Прычэп гною вывезці не даў, каб мне заплацілі грошы! - абураецца жанчына. - Прасіла даць мне цяля ў кошт заробку. Я выклікала б тых самых камерсантаў, прадала б яго. Не даюць! Толькі кажуць «заўтра»! Але мы сёння есці хочам!

Працаўніца фермы распавядае, што становішча ў калектыве вельмі напружанае, "усе ўзлаваныя".

- У мяне хоць нейкая дапамога ёсць. А ў некаторых наогул нічога няма. У нас адна жанчына даяркай працуе, яна адна жыве. У яе падзеж цялят на ферме быў, цяпер з заробку за гэта вылічваюць. 10-20 рублёў застаецца на рукі атрымаць, дык нават гэтыя грошы аддаць не могуць. Не ўяўляю, як гэты чалавек жыве, - кажа суразмоўца. - І ніякіх альтэрнатыў, куды можна было б уладкавацца, у нас няма. З радасцю б звольніліся і нават на паўстаўкі кудысьці пайшлі б, каб хоць у аднаго сямейніка быў нейкі прыбытак.

«За лістапад пералічылі па 5-10 рублёў, пасля гэтага наогул ні капейкі»

Сітуацыю з заробкамі ў калгасе пацвердзіла жонка аднаго з працаўнікоў «Чашніцкага аграсэрвісу». Сама яна хатняя гаспадыня.

- Так, мужу з лістапада месяца заробак не плацяць. Кіраўніцтва ўсё абяцае-абяцае, але не дае, - распавядае жанчына. - Прычын такіх затрымак ніхто не тлумачыць. За лістапад перавялі па 5-10 рублёў. Пасля гэтага наогул ні капейкі. Усе працуюць, не лайдачыць, тэхніка працуе.

Паводле ейных слоў, заробкі ў калгасе маленькія, 250-280 рублёў на рукі. Бруднымі да мінімальнай дацягваюць.

- Дапамагае тое, што мы трымаем карову. Здаём малако, за яго грошы аддаюць своечасова. Гэта блізу 200 рублёў на месяц. А вось тым, хто кароў не трымае, вельмі цяжка. Ды і нам цяжка, але хоць на хлеб капейку маем. Аднак усё адно патрэбны заробак, зарабілі ж, дык будзьце добрыя, аддайце. І камунальныя трэба плаціць. На шчасце дачка ўжо дарослая і працуе, дзяцей карміць не трэба.

Яшчэ аднаму работніку калгаса выжываць у цяжкія часы дапамагаюць бацькі. Мужчына кажа, што пенсію плацяць своечасова.

- Але мне вельмі сорамна сядзець у бацькоў на шыі, - прызнаецца ён. - Але па-іншаму ніяк. У суседзяў не пазычыш, бо, па-першае, яны працуюць у гэтым жа калгасе і грошай у іх таксама няма, па-другое, мне аддаваць няма чым.

Мужчыну даводзіцца эканоміць на прадуктах, купляць усё самае неабходнае і таннае. Хоць нават на гэта часам грошай няма.

- Асноўная ежа - бульба і тое, што летам вырасцілі на гародзе - капуста, салёныя агуркі з памідорамі. Грыбамі, на шчасце, запасліся. Яшчэ крупы купляю, хлеб, - пералічвае суразмоўца. - Пра вопратку ўжо даўно забыліся - заробак купляць не дазваляе. Часам толькі ў сэканд-хэндзе купляю якія працоўныя штаны. З абутку - гумовыя боты.

«За лістапад запазычанасці засталося ўсяго блізу 30 тысяч, а снежаньскі заробак будуць потым выдаваць»

У бухгалтэрыі ААТ «Чашніцкі аграсэрвіс» адмаўляць, што плацяць працаўнікам з вялікімі затрымкамі, не сталі.

- Наша галоўная бухгалтарка пайшла сёння ў банк, быццам, будзе нейкае паступленне сродкаў, - сказала работніца бухгалтэрыі. - Патрошку мы пачынаем выплачваць заробкі. Гэта ўжо другая выплата за лістапад. Апошні раз грошы плаціліся ў лютым, па-мойму, па 10% пералічвалі. Мы ўсе выдатна разумеем, што людзям няма на што жыць, дзяцей карміць, але вось так вось атрымалася, што няма грошай.

У аддзеле эканомікі Чашніцкага райвыканкама сказалі, што да канца гэтага месяца работнікі калгаса атрымаюць грошы. Праўда, не сказалі, колькі менавіта.

- Так, заробкі не выплачаныя. Няма грошай у нарыхтоўчых арганізацыях пакуль, на заводах няма збыту ў Расею. Таму грошы ў калгас не паступаюць, - растлумачылі ў аддзеле эканомікі. - Але да канца месяца, можа, на наступным тыдні, разлічым. Учора на рахунак калгаса 9 тысяч рублёў паступіла. За лістапад запазычанасці засталося па ўсім калгасе ўсяго каля 30 тысяч рублёў. А снежаньскі заробак будуць потым выдаваць. Такая склалася сітуацыя. Заробак за студзень яшчэ не пратэрмінаваны, таму што паводле калектыўнай дамовы ён плаціцца да 30 дня наступнага месяца.

Апошнія навіны