ЗША падрыхтавалі самыя жорсткія за ўсю гісторыю санкцыі супраць РФ: галоўныя падрабязнасці
- 14.02.2019, 9:25
Амерыканскія сенатары ўнеслі новую, больш жорсткую версію законапраекта аб «санкцыях з пекла».
Пяцёра амерыканскіх сенатараў - дэмакраты Боб Менендэс, Бэн Кардзін і Джын Шэйхін і рэспубліканцы Ліндсі Грэм і Коры Гарднер - 13 лютага ўнеслі ў кангрэс законапраект аб узмацненні жорсткасці санкцый супраць Расеі, піша РБК.
Законапраект «Аб абароне амерыканскай бяспекі ад агрэсіі Крамля» (DASKA) узору 2019 года прадстаўляе сабой яшчэ больш жорсткую версію законапраекта Менендэса - Грэма, упершыню апублікаванага ў жніўні 2018 года. Тую заканадаўчую ініцыятыву назвалі праектам «санкцый з пекла» (bill from hell). Публікацыя DASKA ў канцы лета выклікала паніку на расейскім рынку: рубель у жніўні знізіўся больш чым на 10%.
У версіі DASKA 1.0 былі дзве асноўныя пагрозы: санкцыі супраць новай суверэннай пазыкі Расеі і блакаванне аперацый расейскіх дзяржбанкаў. Цяпер сенатары пайшлі далей. Яны прапануюць:
санкцыі супраць расейскіх банкаў, якія падтрымліваюць спробы Расеі падарваць дэмакратычныя інстытуты ў іншых краінах;
санкцыі супраць інвестыцый у расейскія праекты звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) за межамі Расеі (напрыклад, у ЛУКОЙЛа ёсць праект вытворчасці ЗПГ у Камеруне);
санкцыі супраць палітычных дзеячаў, алігархаў ды іх сямейнікаў, якія спрыяюць супрацьзаконным ці карупцыйным дзеянням у інтарэсах Уладзіміра Пуціна;
як і ў папярэдняй версіі, у DASKA 2.0 захоўваюцца санкцыі супраць расейскай дзяржпазыкі і кібернетычнага сектара.
За агрэсію ва Украіне
Асобным блокам у законапраекце ідуць санкцыі за агрэсію Расеі ва Украіне:
санкцыі супраць агентаў ФСБ, засвечаных у нападзе на ўкраінскія судны ў Керчанскай пратоцы ў лістападзе 2018 года;
санкцыі супраць расейскага суднабудаўнічага сектара, у выпадку калі Расея парушыць свабоду навігацыі ў Керчанскай пратоцы або дзе-небудзь яшчэ;
санкцыі за падтрымку праектаў у распрацоўцы нафтавых рэсурсаў у Расеі і супраць расейскіх нафтавых праектаў за мяжой.
Што яшчэ ёсць у законапраекце
Палажэнне аб падтрымцы NATO, якое забараняе прэзідэнту ЗША выхад з Паўночнаатлантычнага альянсу без згоды сената ЗША.
Пункт, які патрабуе ад Дзярждэпартамэнту ЗША вызначыць, ці заслугоўвае Расея статусу дзяржавы - спонсара тэрарызму.
Патрабаванне да страхоўшчыкаў нерухомасці даваць інфармацыю аб бенефіцыярах кампаній, якія купляюць дарагую жылую нерухомасць у ЗША.
Даклад аб багацці і актывах Уладзіміра Пуціна.
Даклад аб забойстве Барыса Нямцова.
Якія яшчэ санкцыі насоўваюцца
ЗША і Еўразвяз працуюць над новым супольным этапам санкцый супраць Расеі за керчанскі інцыдэнт. Міністры замежных спраў краін Еўразвязу абмяркуюць перспектывы далейшых санкцый на сустрэчы ў Брусэлі 18 лютага.
ЗША абавязаныя ўвесці другі этап санкцый супраць Расеі за ўжыванне хімічнай зброі ў брытанскім Солсберы. Гэты раунд можа ўключаць шырокія абмежаванні на экспарт у Расею ды імпарт з Расеі, забарону для «Аэрафлота» лятаць у ЗША. Санкцыі маглі быць уведзеныя ўжо ў лістападзе, але ўвесь час адкладаюцца (заканадаўча ўстаноўленага дэдлайну для іх увядзення няма).