BE RU EN

У Беларусі скасоўваюць дыферэнцыяцыю тарыфаў ЖКГ

  • 11.02.2019, 18:01

Пастанова ўваходзіць у дзеянне з 1 сакавіка.

У Беларусі скасоўваецца дыферэнцыяваная плата насельніцтвам за шэраг паслуг ЖКГ, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове савета міністраў N81, піша «Интерфакс».

Між іншым, скасоўваецца дыферэнцыяваная плата насельніцтвам за тэхнічнае абслугоўванне жылых дамоў, паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення, а таксама электрычную энэргію ў залежнасці ад аб'ёмаў іх спажывання.

«Пастановай уводзіцца новая група спажыўцоў электрычнай энэргіі - жылыя памяшканні якія абсталяваныя асобнымі прыборамі індывідуальнага ўліку расходу электрычнай энэргіі і стацыянарна ўсталяванымі або ўбудаванымі прымачамі электрычнай энэргіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння пры адсутнасці цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння з аплатай за электраэнэргію ўстаноўленымі заканадаўствам тарыфамі», - паінфармавалі ў прэс-службе.

Там адзначылі, што налічэнне платы субсідаванымі тарыфамі будзе ажыццяўляцца ў дачыненні да жылых памяшканняў, у якіх грамадзяне зарэгістраваныя па месцы жыхарства.

Таксама прадугледжваецца пераразлік платы за жыллёва-камунальныя паслугі ў выпадку няправільнага прымянення арганізацыяй тарыфу на ЖКП з моманту выяўлення гэтага факту, але не больш чым за тры месяцы, калі пераразлік цягне даналічэнне платы за жыллёва-камунальную паслугу за папярэднія перыяды.

Апошнія навіны