BE RU EN

Як жыць, калі ўсё даражэе?

  • 9.12.2019, 21:02

Сярэдні беларус асноўную частку заробку выдаткоўвае на ежу.

Дзяржаўныя статыстыкі штомесяц публікуюць Індэкс спажывецкіх коштаў - папросту кажучы, распавядаюць, наколькі ўсё падаражэла. За апошні год, напрыклад, на думку чыноўнікаў, кошты выраслі на 5%. А на думку простых людзей? Што рабіць, калі кошты паўзуць уверх?

Інфляцыя ў бедных людзей адрозніваецца ад сярэдняй амаль удвая. Сацыяльна значныя тавары падаражэлі за год у сярэднім на 9-10%, а некаторыя і больш. Напрыклад, рыбныя паўфабрыкаты - на 12-13%, грэцкія крупы - на 18%, а яблыкі - на 45%, піша «Белсат».

Ірына згадвае час, калі на 100 рублёў можна было напоўніць ежай лядоўню. Цяпер так ужо не атрымліваецца. На сям'ю з трох чалавек сыходзіць мінімум 400 рублёў на месяц.

«Калі я сыходзіла ў дэкрэтны, простая маячка для дзіцяці каштавала ад 5 рублёў. Цяпер яна каштуе не менш чым 15», - абураецца маладая мама Ірына Хоціна.

Сярэдні беларус асноўную частку заробку выдаткоўвае на ежу. Паводле афіцыйнай статыстыкі, гэта блізу 40%, а згодна з назіраннямі незалежных экспэртаў - 40-80%, у залежнасці ад дабрабыту канкрэтнага чалавека. Таму рост коштаў на прадукты заўважаюць усе, а рост коштаў на адзенне ці абутак - далёка не кожны.

Калі прадукты даражэюць, тыповая стратэгія паводзін - пачаць на іх эканоміць. Але эканоміць можна па-рознаму. Набіраць больш танных сасісак - ці больш танных круп. І для кашалька і для здароўя крупы больш карысныя. Экспэрты таксама не раяць набываць прадукты ў кулінарыі - здаецца, што адна катлета каштуе танна, але за кошт двух-трох ужо можна прыгатаваць дома вячэру на два дні.

«Нашы грошы ідуць на падтрыманне бягучай жыццядзейнасці, - распавядае фінансавая кансультантка Святлана Мурашка, - але мы зусім не інвестуем у будучыню - гэта адукацыя. І зусім не ўкладваемся ў сваю энэргію жыцця, яркасць жыцця - гэта адпачынак і забавы».

На адукацыю беларусы выдаткоўваюць у сярэднім усяго блізу 1% даходаў, а на адпачынак - блізу 5%. Затое 5,5% - на алкаголь і тытунь. Але каб зарабляць больш, варта інвеставаць у адукацыю. Нават прыбіральшчык, які ведае, як працаваць з машынамі для мыцця падлогі або здзімання лісця, будзе зарабляць больш за прыбіральшчыка, які бачыў толькі мятлу.

У сітуацыі, калі прадукты штогод даражэюць на 5%, а некаторыя - на 45%, ашчаджанне - шлях у галечу. Бо эканоміць бясконца - немагчыма. Пачніце весці хоць бы самы просты ўлік фінансаў - так вы зразумееце, куды сыходзяць грошы. Укладвайце ў адукацыю ў сваёй прафесіі або паспрабуйце змяніць сферу - гэта дапаможа павысіць заробак. Эканомце на дарагой і шкоднай ежы - так адначасова вы зэканоміце на леках.

Апошнія навіны