ЗША напярэдадні «нармандскага саміту» заявілі пра непахісную падтрымку Украіны
- 7.12.2019, 15:10
З афіцыйнай заявай выступіла амерыканская амбасада ў Кіеве.
ЗША выказалі непахісную падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны напярэдадні сустрэчы ў "нармандскім фармаце" ў Парыжы.
Як паведамляе Еўрапейская праўда, з адпаведнай заявай у суботу выступіла амбасада ЗША.
"Злучаныя Штаты будуць працаваць з хаўруснікамі і партнёрамі, каб і далей прымушаць Расею выконваць узятыя на сябе абавязальніцтвы і пачаць працэс мірнага аднаўлення поўнага суверэнітэту Украіны на Данбасе", – падкрэсліваецца ў заяве.
У амбасадзе нагадалі, што з 2014 года ЗША вылучылі блізу 3 млрд даляраў на падтрымку бяспекі і іншых кірункаў, а таксама прапанавалі дапамогу ў правядзенні рэформы праваахоўных органаў, барацьбе з карупцыяй, судовай рэформы, рэформы ў абароннай сферы і развіцці дэмакратычных інстытутаў.
"Мы паслядоўна казалі, што доўгачасовы поспех і ўстойлівасць Украіны залежаць ад яе прыхільнасці рэформам, сярод іншага барацьбе з карупцыяй. Каб дасягнуць поспеху, Украіне патрэбныя адданыя чыноўнікі і моцныя антыкарупцыйныя ўстановы. Мы будзем стаяць поруч з Украінай, пакуль яна змагаецца з расейскай агрэсіяй, умацоўвае вяршэнства права, стварае здаровы інвестыцыйны клімат, рэфармуе абаронны сектар, змагаецца з дэзінфармацыяй і ўжывае неабходныя захады для забеспячэння канчатковай перамогі тых, хто стаіць на баку справядлівасці і годнасці", – сказана ў заяве.
Нагадаем, сустрэча лідараў краінаў "нармандскай чацвёркі" пачнецца ў Парыжы 9 снежня а 16-й гадзіне паводле мясцовага часу (18-я паводле Менску).