BE RU EN

Зянон Пазняк заклікаў да катэгарычных дзеянняў для абароны Беларусі

  • 7.12.2019, 9:23

Грамадзяне краіны павінны ведаць свае правы і магчымасці.

Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі «Беларускі народны фронт» Зянон Пазняк звярнуўся да грамадзянаў Беларусі ў сувязі з падрыхтоўкай да падпісання Пуціным і Лукашэнкам дамовы пра «паглыбленую інтэграцыю»:

– Антыбеларуская злачынная група ўлады прадаўжае гандаль краінай, вядзе злачынныя перамовы з Крамлём наконт продажу суверэнітэту Беларусі. Праз падстаўных асобаў змоўнікі заяўляюць пра стварэнне «саюзнай дзяржавы» з адзіным расейскім урадам, парламентам, грашыма, падатковай сістэмай, чыноўнікамі і арміяй. Стаўленік Масквы ў Беларусі заявіў, што гэта будзе новы «савецкі саюз».

Сутнасць гэтае змовы – дзяржаўная здрада Беларусі. Змова лукашысцкага рэжыму з Масквой, якая адбываецца ў Крамлі, з'яўляецца антыканстытуцыйным, антызаконным, антынацыянальным дзеяннем.

Нягледзячы на папярэджанні грамадскасці спыніць антызаконную змову з Масквой, яна прадаўжаецца, з'яўляючыся фактам гібрыднай акупацыі Беларусі.

У такім становішчы (калі адсутнічаюць усе законныя магчымасці змены злачыннага кіраўніцтва дзяржавы) сам народ выконвае ролю дзяржаўнай улады, мае функцыю суверэна краіны. Гэта ягонае права з'яўляецца правамоцным, законным, канстытуцыйным і справядлівым. Дзеянні і пастановы здраднікаў і змоўнікаў з Масквой незаконныя і народам не прызнаюцца.

Беларусы павінны ведаць свае правы і магчымасці. Інакш група крымінальных нягоднікаў, што дарвалася да ўлады, можа прадаць увесь народ, пазбавіць шчасця цэлыя пакаленні людзей. Грамадскасць Беларусі павінна катэгарычна дзейнічаць і аб'ядноўвацца для абароны краіны.

Апошнія навіны