BE RU EN

Мядзведзеў заявіў пра рызыку «бессэнсоўнага і бязлітаснага» бунту ў Расеі

  • 5.12.2019, 15:31

Кіраўнік урада РФ распавёў пра свае страхі.

У расейскім грамадстве існуе «магутны запыт на справядлівасць», заявіў у ходзе інтэрв'ю расейскім тэлеканалам кіраўнік урада РФ Дзмітрый Мядзведзеў, паведамляе РБК.

Адказваючы на рэпліку вядоўцы, якая напомніла пра акцыі пратэсту, што прайшлі ў Маскве пасля затрыманняў журналіста Івана Галунова і актора Паўла Усцінава, прэм'ер-міністр распавёў, што сачыў за тым, як развіваліся падзеі вакол гэтых спраў, і дапусціў магчымасць «выдаткаў у працы праваахоўнай сістэмы».

«У кожным канкрэтным выпадку - вы згадалі пару з іх - трэба проста дасканала разбірацца. Тут няма абстрактнага правасуддзя, яно абсалютна канкрэтнае», - сказаў Мядзведзеў.

У той жа час ён выказаў упэўненасць у тым, што правілы правядзення масавых акцый неабходна выконваць незалежна ад таго, падабаюцца тыя ці не.

«Інакш мы можам дакаціцца да вельмі небяспечных сітуацый, якія ў нашай краіне могуць наогул ператварыцца ў дрэнную праблему. Тое, што ў Францыі «жоўтыя камізэлькі», у нас тэарэтычна можа ператварыцца ў бунт, «бессэнсоўны і бязлітасны». І пра гэта дзяржава павінна думаць», - сказаў кіраўнік урада.

Апошнія навіны