BE RU EN

Ізноў дваццаць пяць

  • 3.12.2019, 18:05

У найноўшай гісторыі Беларусі нямала знакавых лічбаў.

$500 ці BYN1000 сярэдняга заробку, напрыклад. Або $100 млрд ВУП, аб якіх мараць дужыя гаспадарнікі з АП і Саўміна, піша «Белгазета».

29 лістапада спіс папоўніўся. Новую магічную лічбу агучыў міністр фінансаў Максім Ермаловіч. Звязаная яна не з даходамі грамадзян і нават не з тым, што яны там вырабілі або спажылі. «Мы для сябе вызначылі трэк на зніжэнне дзяржпазыкі: давесці яе ўзровень да 2025 года да 25% да ВУП. Вельмі амбіцыйная задача, складана ідзе працэс зніжэння дзяржпазыкі, аднак мы прыкладаем усе намаганні, каб гэтага дасягнуць», - запэўніў Ермаловіч.

«Трэба рабіць намаганні, каб вызваляцца ад гэтай пазыкі і выбудоўваць сістэму кіравання дзяржпазыкай, каб яна штогод зніжалася», - мяркуе міністр. З гэтага можна зрабіць выснову, што раней намаганняў не рабілі і сістэму не выбудоўвалі. Аднак на абслугоўванне дзяржпазыкі штогод марнуецца блізу $1,5 млрд, і для эканомікі з ВУП $60 млрд гэта істотная нагрузка. Так што можна сказаць, што да ідэі аб кіраванні дзяржпазыкай і яе скарачэннем дужыя гаспадарнікі прыйшлі эксперыментальным шляхам: існы ўзровень пазыкі «вельмі цяжка абслугоўваць і вельмі цяжка выплачваць за кошт уласных крыніц», праз што «дзярпазыка стрымлівае развіццё як бюджэтнага сектара, так і эканомікі агулам».

Гэта важная выснова і значная вяха ў гісторыі беларускай эканамічнай мадэлі, і «БелГазета» ў гэтым пытанні можа толькі падтрымаць міністра фінансаў. Даеш дзяржпазыку ў суме 25% ВУП да 2025 года!

Апошнія навіны