BE RU EN

Экс-кіраўнік Нацбанка: Без крэдытаў для беларускага рубля наступяць праблемы

  • 3.12.2019, 12:31

Ёсць асцярогі для становішча на грашовым рынку.

Былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч у каментары udf.by адзначыў, што курсу беларускага рубля ў наступным годзе могуць пагражаць даволі сур'ёзныя праблемы.

«Галоўная рызыка ў крэдыторскай запазычанасці перад банкамі стратных дзяржаўных кампаній і прадпрыемстваў, а таксама запазычанасці Рэспублікі Беларусь на замежным рынку - перад Расеяй і міжнароднымі структурамі. Дагэтуль мы гэтыя пазыкі, фактычна, і не выплачвалі: старыя крэдыты выплачвалі, узяўшы новыя. рэфінансаваўшы ранейшую запазычанасць», - сказаў Багданкевіч.

Цяпер жа новых крэдытаў ад Расеі чакаць не выпадае ў сувязі з эканамічнымі спрэчкамі паміж краінамі, не разлічваюць ва ўрадзе ў 2020 годзе і на новую праграму з МВФ.

«Калі мы не атрымаем новых крэдытаў ад Расеі ці Захаду, гэта будзе вялікай праблемай для курса беларускага рубля, для ўстойлівасці на грашовым рынку», - мяркуе былы кіраўнік Нацбанка.

Тым часам беларускія банкі ўсё яшчэ прапануюць павабныя безадклікальныя дэпазіты ў беларускіх рублях - пад 12-13% гадавых. Ці моцна рызыкуюць грамадзяне?

«На сённяшні дзень я не бачу вялікай рызыкі, бо сітуацыя з курсам яшчэ кантраляваная», - сказаў Багданкевіч.

Апошнія навіны