BE RU EN

Фільм, натхнёны кнігай Алексіевіч, увайшоў у шорт-ліст прэміі «Оскар»

  • 17.12.2019, 11:08

Спіс апублікаваны на сайце Амерыканскай кінаакадэміі.

Расейскі фільм "Дылда" Кантэміра Балагова ўвайшоў у шорт-ліст прэміі "Оскар" у катэгорыі "Найлепшы фільм на замежнай мове". Спіс апублікаваны на сайце Амерыканскай кінаакадэміі.

У шорт-лісце ў гэтай намінацыі дзесяць фільмаў, сярод іх уладальнік "Залатой пальмавай галіны" Канскага кінафестывалю – паўднёвакарэйскі фільм "Паразіты". Іншыя карціны вылучаны Чэхіяй, Эстоніяй, Францыяй, Вугоршчынай, Польшчай, Сенегалам і Гішпаніяй.

Фільм "Дылда" апавядае гісторыю дзвюх франтавых сябровак, якія жывуць у пасляваенным Ленінградзе. На Канскім кінафестывалі стужка заваявала прэмію Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы, а Балагова прызналі найлепшым рэжысёрам у праграме "Асаблівы погляд". Фільм раней таксама трапіў у спіс прэтэндэнтаў на "Залаты глобус".

У кароткі спіс намінацыі "Найлепшы кароткаметражны анімацыйны фільм" увайшоў расейскі мультфільм "Ён не можа жыць без космасу" Канстанціна Бронзіта.

Фільм "Акварэль" расейскага рэжысёра Віктара Красоўскага ўключаны ў шорт-ліст "Оскара" ў намінацыі "Найлепшы дакументальны фільм".

Канчатковы спіс намінантаў 92-й прэміі "Оскар" стане вядомы 13 студзеня 2020 года, а сама цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 9 лютага ў Лос-Анджэлесе.

Як раней паведамляў сайт Charter97.org, на стварэнне стужкі Кантэміра Балагова натхніла кніга беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча».

Апошнія навіны