«На Пецярбург!»: Гарадзенцы распавялі падрабязнасці пра акцыю супраць «інтэграцыі» з Расеяй
- 16.12.2019, 14:24
Аўтамабілісты сігналілі мітынгоўцам на мосце на знак падтрымкі.
Грамадскія актывісты Гародні сабраліся 15 снежня на акцыю супраць намераў уладаў Беларусі аб «паглыбленні інтэграцыі» з Расеяй, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».
Нагадаем, гарадзенскі актывіст Мікалай Салянік запрасіў грамадзян 15 снежня ўзяць удзел у акцыі «Ланцуг салідарнасьці» ўздоўж ходніка Старога моста праз Нёман і на прылеглых вуліцах. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
На думку Саляніка, людзі маглі б, сустрэўшы там аднадумцаў, абмеркаваць пагрозы незалежнасці Беларусі.
Грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка мяркуе, што галоўная мэта акцыі - паказаць, што гарадзенцы падтрымліваюць незалежнасць сваёй краіны.
«Акцыя ў Гародні праходзіць за некалькі дзён да так званай «паглыбленай інтэграцыі», якая адкладзена на 20 снежня і можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі», - распавёў Сяргей Верамеенка.
Актывісты збудавалі адмысловы плыток з рэзалюцыяй, які спусцілі па Нёмане, каб да 20-га снежня ён даплыў да Санкт-Пецярбурга.
Актывісты стварылі жывы ланцуг на старым мосце праз Нёман.
Аўтамабілі, якія праязджаюць па мосце сігналілі мітынгоўцам.
Мітынгоўцы патрабуюць размаўляць з імі па-беларуску.
А 15:25 мітынгоўцы спусціліся да Нёмана, каб адправіць плыт па рацэ ў бок Расеі.
На беразе Нёмана актывісты зачыталі рэзалюцыю, якая, на іх думку, па рацэ даплыве да Расеі.