BE RU EN

Deutsche Bahn адказаў на твіт Грэты Тунберг пра перапоўненыя цягнікі

  • 16.12.2019, 9:27

Нямецкі чыгуначны канцэрн адначасова падзякаваў экаактывістцы і паўшчуваў яе.

Нямецкі чыгуначны канцэрн Deutsche Bahn (DB) адказаў на твіт вядомай экаактывісткі Грэты Тунберг пра забітыя народам нямецкія цягнікі. У нядзелю, 15 снежня, DB у сваім мікраблогу ў Twitter падзякаваў дзяўчыне за "падтрымку ў барацьбе са зменай клімату" і выбар хуткаснага цягніка ICE 74, адзначыўшы, што той спажывае электраэнэргію толькі з аднаўляльных крыніцаў. Разам з тым, гаворыцца далей у твіце, "было б яшчэ лепш", калі б Грэта Тунберг апавяла пра тое, наколькі кампетэнтнай і прыязнай была каманда, якая абслугоўвала яе ў вагоне першага класу, паведамляе dw.com.

Гэты адказ выклікаў здзіўленне ў многіх, бо твіт Грэты суправаджаўся яе фатаграфіяй на падлозе ў тамбуры цягніка побач з валізкамі і іншымі рэчамі. "Падарожнічаю па Нямеччыне ў перапоўненых цягніках. Нарэшце я еду дадому!" – напісала экаактывістка, вяртаючыся з Сусветнай канферэнцыі ААН датычна праблемаў змены клімату ў Мадрыдзе. Гэты пост стаў вельмі папулярным у Нямеччыне, карыстальнікі сацсетак спачувалі Грэце і абураліся хаосам, што пануе на нямецкай чыгунцы.

Пасля адказу DB Грэта Тунберг растлумачыла сітуацыю. "Наш цягнік з Базеля быў скасаваны. Таму мы сядзелі на падлозе ў двух розных цягніках. Пасля Гётынгена ў мяне было месца. Вядома, гэта не праблема, і я ніколі не сцвярджала зваротнага", – напісала Тунберг у Twitter. Яна адзначыла, што перапоўненыя цягнікі – гэта "сур'ёзны знак", які азначае, што попыт на чыгуначныя паездкі вельмі вялікі.

На Сусветнай канферэнцыі ААН (COP25), якая праходзіла з 2 да 15 снежня, Тунберг выступіла з жорсткай крытыкай мерапрыемства. На думку 16-гадовай актывісткі, яго ўдзельнікі "ігнаруюць навуку", а сама канферэнцыя правалілася. Пасля заканчэння саміту Тунберг выступіла на дэманстрацыі ў абарону клімату ў італьянскім Турыне, а потым адправілася дадому ў Швэцыю.

Тунберг падарожнічае па чыгунцы, паколькі адмовілася ад пералётаў на самалётах з экалагічных меркаванняў. У жніўні яна перасекла Атлантычны акіян на яхце, каб паўдзельнічаць у кліматычным саміце ААН. Пасля гэтага Грэта Тунберг падарожнічала па Паўночнай Амерыцы, удзельнічаючы ў пратэстах у абарону клімату ў розных штатах.

Апошнія навіны