Расейскі тэлеканал выразаў слова «пратэсты» з песні «Бі-2»
- 15.12.2019, 17:18
Гэта не першае паведамленне пра цэнзуру на расейскім ТБ за апошнія дні.
Тэлеканал "Расея 1" выразаў слова "пратэсты" з эфіру з уручэння расейскай музычнай прэміі "Вікторыя". Пра гэта паведамляецца ў мікраблогу групы "Бі-2" у Twitter увечары ў суботу, 14 снежня, піша "Нямецкая хваля".
Як чуваць на апублікаваным у твіты відэа, падчас выканання песні гурта "Курткі Кабэйна" гук голасу спявачкі Manizha выключаецца на той момант, калі яна прамаўляе слова "пратэсты".
"Курткі Кабэйна" – праект "Бі-2" з удзелам Manizha і Леаніда Агуціна. У арыгінальнай версіі словы гучаць так: "Если чуть светлей проспекты и нежней протесты юношей в пуловерах".
Не першы выпадак цэнзуры
Гэта ўжо не першае паведамленне пра падобны выпадак цэнзуры за апошнія дні. 15 снежня стала вядома, што належны "Газпрам-медыя" онлайн-кінатэатр Premier (раней ТНТ-Premier) сцёр пяты эпізод фантастычнага серыяла Паўла Кастамарава "Эпідэмія", у якім утрымліваюцца сцэны народнага бунту.
Раней ТНТ зняў з эфіру ўкраінскі серыял "Слуга народа" з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у галоўнай ролі. Да гэтага з першага эпізоду "Слугі народа" прыбралі жарт пра прэзідэнта Расеі Пуціна. Цяпер серыял даступны толькі на Premier.