У Менску таксама падымуць кошт праезду
- 14.12.2019, 12:45
Падаражэнне складзе 5 капеек, як і ў рэгіёнах.
У Менску падвысяць кошт праезду ў гарадскім грамадскім транспарце. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Адпаведная пастанова Менгарвыканкама ўжо прынятая, але пакуль не апублікаваная.
Квіток на адну паездку на наземным гарадскім транспарце будзе каштаваць 65 капеек, а жэтон у метро – 70 капеек. Правоз ручной паклады ў наземным транспарце падаражэе да 65 капеек, а ў метро – да 70 капеек. Дата, з якой падаражэе праезд, не паведамляецца. Чакаецца, што гэта адбудзецца на наступным тыдні.
Нагадаем, у Гарадзенскай, Гомельскай і Менскай абласцях кошт праезду ў гарадскім грамадскім транспарце падвысяць з 15 снежня, а ў Берасцейскай паднялі з 11 снежня.
У сталіцы апошні раз кошт праезду ў гарадскім грамадскім транспарце вырас з 1 лістапада 2017 года – на 5 капеек. Пасля павышэння квіток на адну паездку на наземным гарадскім транспарце падаражэў да 60 капеек.