BE RU EN

Дзе знайсці жывую навагоднюю ялінку, каб пры гэтым гаманец не апусцеў

  • 14.12.2019, 11:29

Да Новага года засталіся лічаныя тыдні.

Самы час задумацца пра галоўны атрыбут свята. Таму, хто спыніў выбар на штучнай ялінцы, застанецца толькі дастаць яе з каморы і прыбраць цацкамі і гірляндамі. Тым, хто аддае перавагу сапраўднай ігліцы, яшчэ трэба будзе здабыць зялёную прыгажуню. Як зрабіць гэта без шкоды для навакольнага асяроддзя, высветлілі «Менск-Навіны».

– Набываючы дрэўца на елкавых кірмашах, можна быць упэўненым, што святочная атмасфера і хвойны водар у вашым доме будуць панаваць не на шкоду прыродзе, – кажуць спецыялісты Менскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Іх нарыхтоўку лясгасы і іншыя арганізацыі ажыццяўляюць у спецыяльна прызначаных для гэтага гадавальніках: елкі і хвоі там вырошчваюць на продаж. На елачныя кірмашы трапляюць і тыя дрэвы, якія высякаюць праз вытворчую неабходнасць, напрыклад для расчысткі трасаў, прасек, палос адводу, ліній электраперадачы, на лесасеках галоўнага карыстання.

Аднак у Менгаркампрыроды са шкадаваннем канстатуюць: штогод напярэдадні Новага года браканьеры высякаюць сотні елак і соснаў, што наносіць істотную шкоду прыродзе. Таму ў снежні патруляванне лясных масіваў і гарадскіх тэрыторый узмацняюць, каб выявіць і змусіць да адказнасці грамадзянаў, якія незаконна ссякаюць гэтыя дрэвы. Эколагі нагадваюць: заканадаўствам нашай краіны за гэта прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць – давядзецца заплаціць не толькі штраф, але і кампенсацыю шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю.

Нагадаем, штраф за незаконнае высяканне, выдаленне і перасадку, пашкоджанне або знішчэнне раслінаў можа дасягаць 300 базавых велічыняў (7 650 рублёў). Акрамя таго, за незаконнае знішчэнне прысадаў вызначаны таксы для кампенсацыі шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю.

Апошнія навіны