Украінскія памежнікі не пусцілі ў краіну дырэктара менскага карпункта НТБ
- 14.12.2019, 10:36
Яму давялося вярнуцца назад у Беларусь.
13 снежня ў кіеўскім аэрапорце «Барыспаль» украінскія памежнікі не пусцілі ў краіну дырэктара менскага карпункта расейскага тэлеканала НТБ Сяргея Савіна, які прыляцеў з Менска.
На сайце НТБ Савін паведаміў:
«Мы прыляцелі сёння ў “Барыспаль” раніцай, а палове на дзясятую паводле маскоўскага часу. Далей – штатная працэдура праходжання кантролю. Адразу заявілі, хто мы, што мы, якія мэты, на колькі прыехалі ва Украіну, што збіраемся рабіць. Былі заяўленыя тэмы: расследаванне забойства Паўла Шарамета, актывізацыя газавых перамоваў паміж Расеяй і Украінай, абяцаны прэзідэнтам Зяленскім абмен палонных і магчымае спыненне агню на лініі судакранання.
Аддалі дакументы, усё праходзіла ветліва, дыпламатычна. Потым запрасілі да адказнай асобы, вось такая была ўручаная пастанова: адмова ў перасячэнні дзяржаўнай мяжы на ўездзе ва Украіну. Прычына афіцыйная: я не змог пацвердзіць мэту запланаванага знаходжання тут».
Сяргей Савін у 2014 годзе быў узнагароджаны медалём ордэна «За заслугі перад Айчынай» I ступені «за аб'ектыўнае асвятленне падзей у Крыме».