У Кіеве з'явіўся сквер імя Паўла Шарамета
- 12.12.2019, 20:36
Адпаведная пастанова ў тэрміновым парадку была прынятая на сесіі гарадской рады Кіева.
Дэпутаты Кіеўскай гарадской рады прынялі пастанову аб перайменаванні сквера ў цэнтры Кіева ў гонар журналіста Паўла Шарамета, паведамляе «Новое время».
Імя забітага ў 2016 годзе журналіста будзе насіць зялёная зона плошчай 0,2468 гектара на скрыжаванні вуліц Рэйтарскай і Стралецкай у Шаўчэнкаўскім раёне горада.
«У Кіеве з'явіцца сквер імя журналіста Паўла Шарамета, якога забілі ў сталіцы ў ліпені 2016 года. Так мы ўшануем памяць пра вядомага журналіста. Гэты чалавек варты таго, каб яго імем назвалі зялёную зону ў сталіцы», - пракаментаваў пастанову Кіеўскай рада мэр Кіева Віталь Клічко.
Згодна з вынікамі грамадскага абмеркавання, якое доўжылася апошнія дзевяць месяцаў, ідэю перайменаваць сквер падтрымалі 81% грамадзян, 19% выказаліся супраць.
Пастаянная камісія Кіеўская рады ў пытаннях экалагічнай палітыкі падтрымала праект пастановы аб стварэнні ў Кіеве сквера імя Паўла Шарамета яшчэ ў канцы 2018 года.