BE RU EN

Актывіста Леаніда Кулакова абмежавалі ў праве кіраваць аўто

  • 11.12.2019, 13:14

У актывіста «Еўрапейскай Беларусі» неаплачаны штраф за акцыю.

Аддзел прымусовага выканання (АПВ) Першамайскага раёна Менска звярнуўся ў суд з патрабаваннем абмежаваць у праве кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Леаніда Кулакова да таго моманту, пакуль той не выплаціць запазычанасць у штрафе, паведамляе ПЦ "Вясна".

Размова ідзе пра штраф памерам 45 базавых велічыняў (1147,5 рублёў), які Леанід атрымаў 24 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна. Тады яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (набажэнстве) каля Кафедральнага сабора, якая праходзіла сёмага красавіка.

Разгляд справы аб запазычанасці прайшоў 11 снежня ў судзе Першамайскага раёна. Пасяджэнне вяла суддзя Вольга Багам'я.

Судовы выканаўца на суд не прыйшоў. Леанід Кулакоў не пагадзіўся з прадстаўленнем аб неабходнасці абмежавання яго ў праве кіравання і прасіў суддзю не задавальняць яго. Паводле словаў актывіста, кіраванне аўтамабілем яму неабходнае для атрымання сродкаў да існавання. Да таго ж Кулакоў растлумачыў, што ў гэты момант не працуе і таму не можа аплаціць той самы штраф, праз які аддзел прымусовага выканання і звярнуўся ў суд.

Але довады актывіста не былі пачутыя суддзёй. Вольга Багам'я стала на бок АПВ і абмежавала Кулакова ў праве кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі да выплаты запазычанасці ў штрафе.

Леанід Кулакоў плануе абскардзіць прынятую пастанову.

Апошнія навіны