BE RU EN

На першым блоку БелАЭС пачалася гарачая абкатка рэактарнай устаноўкі

  • 11.12.2019, 9:37

Гэты працэс папярэднічае запуску энэргаблока.

На першым энэргаблоку Беларускай АЭС спецыялісты пачалі самы маштабны этап пусканаладачных працаў перад пачаткам фізічнага пуску – гарачую абкатку рэактарнай устаноўкі, паведамляецца ў прэс-рэлізе «Расатама», піша tut.by.

Паводле словаў віцэ-прэзідэнта-дырэктара праекта ва ўзвядзенні Беларускай АЭС АТ ІЧ «АСЭ» (інжынірынгавае падраздзяленне «Расатама») Віталя Паляніна, гарачая абкатка – гэта тэхналагічны працэс, які імітуе працу энэргаблока з той толькі розніцай, што замест сапраўдных у рэактар загружаныя імітатары цеплавылучальных зборак.

У ходзе гарачай абкаткі спецыялісты правераць працаздольнасць асноўнага абсталявання энэргаблока на адпаведнасць патрабаванням эксплуатацыі і бяспекі. Яны таксама апрабуюць сістэмы абароны першага і другога контуру ад перавышэння ціску і правядуць выпрабаванні працы галоўных цыркуляцыйных помпаў на халодных і гарачых параметрах рэактарнай устаноўкі. Акрамя таго, у праграму выпрабаванняў уваходзіць праверка сістэмы электрасілкавання ўласных патрэбаў пры рэжымах перапынення, поўнага абясточвання энэргаблока з мадэляваннем сітуацыі максімальнай праектнай аварыі.

«Мы выйшлі на фінішную прамую праграмы падрыхтоўкі энэргаблока да фізпуску, – адзначыў Палянін. – Наступны этап пасля заканчэння гарачай абкаткі, у адпаведнасці з планам падрыхтоўкі энэргаблока да фізічнага пуску, – рэвізія асноўнага і дапаможнага абсталявання першага і другога контураў энэргаблока».

Пуск першага энэргаблока пазначаны на студзень. Раней планавалася, што першы блок БелАЭС запрацуе ў 2018 годзе. Але праз тое, што Беларусь пастанавіла замяніць корпус рэактара праз інцыдэнт, тэрміны перанеслі на 2019 г.

Беларуская АЭС у Астраўцы будуецца паводле расейскага праекту, на будаўніцтва таксама быў вылучаны Расеяй экспартны крэдыт памерам да 10 млрд даляраў.

Пра небяспеку БелАЭС, шматлікія аварыі і парушэнні падчас будаўніцтва, карупцыйныя схемы і тэхнічныя недахопы рэактараў і абсталявання, якое пастаўляецца «Расатамам», неаднаразова паведамлялі беларускія і замежныя эксперты-ядзернікі і экалагічныя актывісты. Падчас будаўніцтва праз парушэнні тэхнікі бяспекі загінулі некалькі чалавек, двойчы быў пашкоджаны рэактар – падчас мантажу і транспартавання. Збунтаваныя праз затрымкі заробкаў працоўныя таксама заявілі пра шматлікія выпадкі халатнасці пры будаўніцтве.

Закрыццё БелАЭС стала адным з галоўных патрабаванняў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і яе кандыдатаў на «парламенцкіх выбарах».

Фільм-расследаванне Studio Х97 «Астравец смерці» пралівае святло на невядомыя факты ў будаўніцтве БелАЭС.

Апошнія навіны