BE RU EN

«Улады абсалютна не разумеюць жыцця звычайнай беларускай сям'і»

  • 11.12.2019, 8:32

Галоўныя «нечаканкі», падрыхтаваныя да Новага года.

У Беларусі рэзка павялічылі стаўкі падатку на нерухомасць і зямлю для фізічных асобаў на 2020 год.

У розных раёнах краіны гэтая стаўка розная і яе выніковы каэфіцыент вызначаецца мясцовымі ўладамі, але ў цэлым у Беларусі падатак на нерухомасць для людзей вырасце ў 1,5–2 разы. Найбольш жорсткае павышэнне ставак падатку (у 2 разы) будзе ў Берасцейскім, Асіповіцкім, Слаўгарадскім, Чавускім і Бераставіцкім раёнах.

Сам сабой гэты падатак не вельмі вялікі, і нават з павышэннем у 1,5–2 разы складзе блізу 100 рублёў за год, аднак гэта адбываецца на фоне рэгулярнага падаражэння бензіну, росту кошту праезду на грамадскім транспарце, падзення ўзроўню жыцця ў Беларусі і адтоку працаздольнага насельніцтва за мяжу.

Навошта ўладам спатрэбілася ў такой сітуацыі яшчэ і рэзка павышаць стаўкі падатку на нерухомасць? На пытанні Charter97.org адказвае актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аксана Юшкевіч.

- Памер падатку на нерухомасць у 2020 менавіта для звычайных грамадзянаў будзе павялічаны ў 1,5–2 разы. Як Вы гэта пракаментуеце? Чаму ўлады надумалі павялічыць падатак менавіта цяпер?

– На гэты момант казна ва ўладаў шалёна пустая, там утварылася вялізная дзірка. Бюджэт на 2020 год прыняты з дэфіцытам, у ФСАН – нястача памерам блізу мільярда, дзяржпазыка і выплаты ў ёй імкліва растуць, а пазыкі прадпрыемстваў перавысілі ВУП краіны.

І ўзняццем падаткаў на нерухомасць і зямлю, для фізічных асобаў, думаю, не абмяжуецца: як мінімум, для юрыдычных таксама што-небудзь прыдумаюць. Альбо ўжо прыдумалі, а пасля Новага года агучаць.

Гэта па-першае. А па-другое, падобныя пастановы чыноўнікі прымаюць, арыентуючыся на сябе – зыходзячы з свайго заробку, а не прыбыткаў народа, які ў сваёй масе за межамі Менска атрымлівае 100–150 даляраў за месяц.

А цяпер паглядзім на 2020 год: падатак на нерухомасць паднялі, камуналка хутка будзе «стаадсоткавая», электраэнэргія для людзей, калі не дай Бог запусцяць БелАЭС, будзе даражэйшая ў 8 разоў...

Усё гэта выглядае як вар'яцтва ўладаў, якія абсалютна нічога не разумеюць у жыцці простага чалавека. Не разумеюць што дзеецца ў сельскай мясцовасці (людзі там, дарэчы, плацяць даражэй за электраэнэргію, чым у нас у Менску). Не разумеюць, што звычайная беларуская сям'я можа дазволіць сабе ўсё менш, і ўсё больш людзей бяжыць з гэтага «раю» за мяжу, таму што дома зарабіць годна ўжо не можа. Наколькі ж трэба быць маразматычным суб'ектам, каб давесці насельніцтва краіны да такога ўзроўню жыцця!

І штогод да 1 студзеня заўсёды нешта адбываецца, заўсёды рыхтуецца нейкая дзіўная нечаканка для беларусаў, каб папоўніць апусцелую казну. Звернем увагу, што даляр цяпер увесь час расце, і пасля Новага года, думаю, ён будзе каштаваць яшчэ больш.

А паколькі ў нас вельмі многае пабудаванае на валютным балансе, то, магчыма, адбудзецца тое, што было ў 2011 годзе, калі разгарэўся валютны крызіс. І ўжо рыхтуецца новая рэдакцыя закона «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі», што азначае абмежаванне на набыццё і продаж валютаў. Натуральна, што дзяржава сябе страхуе, каб не атрымалася так, як было ў 2011 годзе, калі немагчыма было набыць валюту.

І зноў жа – гэты новы падатак на нерухомасць. Разумееце, калі ў людзей ёсць грошы, яны хочуць чымсьці валодаць, а нерухомасць – гэта гарантыя твайго заўтрашняга дня. Многія людзі жывуць за кошт нерухомасці, здаюць яе ў арэнду на дзень, на месяц – і гэтак далей. А калі чалавек зарабляе грошы, адпаведна, хочуць, каб ён дзяліўся з дзяржавай.

– Цягам трох месяцаў Вы гутарылі з людзьмі падчас палітычнай кампаніі, звязанай з «выбарамі». Як беларусы рэагуюць на ўвядзенне новых пабораў і ўвесьчаснае падаражэнне галоўных артыкулаў выдаткаў – бензіну, камуналкі, праезду ў грамадскім транспарце, прадуктаў харчавання?

– Гэта такі негатыў, словамі не перадаць: трэба проста бачыць людзей, з якімі размаўляеш, у якіх слёзы стаяць у вачах.

Тое што ім даводзіцца выжываць – гэта яшчэ мякка сказана. Людзі апошняе аддаюць на тыя самыя падаткі, на тую самую камуналку, якая зашкальвае, што называецца, «вышэй за дах».

Многіх абурае яшчэ такі момант: калі ў кватэры ніхто не прапісаны – там камуналка ў два разы даражэйшая. А цяпер уявіце, калі яна стане пасля Новага года 100%-й – колькі людзі будуць плаціць за тыя кватэры, дзе ніхто не прапісаны? Гэта маразм. Гэта такі маразм.

Ствараецца ўражанне, што ўсё гэта робіцца проста для адмывання грошай, што ўлады будуюць у адносінах да насельніцтва ўсё тую ж, знаёмую з МММ і Маўродзі, фінансавую піраміду – з дапамогай камуналкі, падаткаў, тарыфаў электраэнэргіі і гэтак далей.

Размаўляючы з людзьмі, разумееш, наколькі яны ненавідзяць гэтую сістэму. Калі б ім у той момант, калі яны кажуць пра несправядлівыя паборы, далі таго чалавека, які носіць назву «прэзідэнт краіны», напэўна, яны б яго «парвалі». Потому што людзі бачаць, як жывуць суседзі ў Еўропе і разумеюць, што яны маглі б жыць у некалькі разоў лепш, чым цяпер, і якія велізарныя магчымасці ўпушчаныя праз гэтую ўладу.

Мы знаходзімся геаграфічна ў самым цэнтры Еўропы, з намі мяжуюць досыць развітыя краіны, дзе тая ж медыцына, адукацыя, сацыяльныя гарантыі развіваюцца ў іншым кірунку – гэта як інь і янь, у параўнанні з нашай краінай. А ў нас у чалавека забяруць апошняе, цябе адправяць на памыйніцу, і нават там ты яшчэ павінен будзеш плаціць падатак. Гэта проста жах. І людзі ненавідзяць гэтую сістэму, яны кажуць: што было ў 1980–1990-я гады, то і засталося, нічога не змянілася.

– Як Вы мяркуеце – ці будзе спаганяцца гэты павышаны ў 2 разы падатак з уладальнікаў шыкоўных маёнткаў у Драздах і шматлікіх рэзідэнцый Лукашэнкі?

– Я думаю, што пра гэта ніхто не даведаецца, будзе ён спаганяцца ці не. Гэта застанецца пад грыфам сакрэтнасці КДБ.

Зрэшты, калі падатак для «драздоўскіх» і падвысіцца, то павысіцца ненашмат. З іншага боку, давайце возьмем іх заробкі, якія як мінімум у 10 разоў большыя за заробкі нашых грамадзянаў. Для іх гэта будзе дробязь, кропля ў моры. Яны гэтага нават не адчуюць.

Што тычыцца рэзідэнцый Лукашэнкі, то іх утрыманне і аплата падаткаў будзе ісці за кошт дзяржбюджэту, за нашы з вамі падаткі. Гэта значыць, такое павышэнне ніякім чынам не адаб'ецца на тых жа Драздах, на рэзідэнцыях і іншых падобных аб'ектах нерухомасці.

– А як павінна быць паводле справядлівасці?

– У развітых краінах, напрыклад, ёсць падатак на раскошу і звышпрыбыткі, плацельнікамі якога і з'яўляюцца ўладальнікі элітнай нерухомасці. Чаму ў Беларусі, наадварот, ужываюцца захады для засакрэчвання нерухомай маёмасці ўладальнікаў катэджаў у Драздах?

Мы шалёна адстаем ад цывілізаванага свету ў гэтых пытаннях, у той час, як нашы суседзі і ўся Еўропа ідзе ў нагу з часам. І гэтую сістэму давядзецца памяняць у корані пасля таго, як у Беларусі наступяць палітычныя перамены.

Апошнія навіны