З банкаў Казахстана зніклі мільярды даляраў
- 10.12.2019, 20:06
14 найбуйнейшых банкаў краіны маюць патрэбу ў падтрымцы.
Урад Казахстана рыхтуе новы пакет дапамогі банкаўскай сістэме, якая пакутуе ад дрэнных крэдытаў і недахопу капіталу, паведамляе finanz.ru.
Падтрымка спатрэбіцца чатыром з 14 найбуйнейшых банкаў краіны, дзе са жніўня ЦБ праводзіць рэвізію актываў, распавялі Reuters банкіры і крыніцы, знаёмыя з планамі ўладаў.
Пад праверку Нацбанка, якая завершыцца ў канцы снежня, трапілі ў тым ліку казахскія "дочкі" Ашчадбанка, Альфа-банка і ВТБ, а таксама Халык-банк, Kaspi, Forte, БЦК, АТФ, Еўразійскі, Jýsan Bank, Bank RBK, Altyn Bank, Нурбан і Хоўм Крэдыт.
Са слоў аднае з крыніц Reuters, выяўленыя ЦБ праблемы ацэньваюцца ў трыльён тэнге або 2,6 млрд даляраў. Такую суму давядзецца выдаткаваць на пакрыццё дзір у банках, што дагэтуль пакутуюць ад наступстваў дэвальвацыі тэнге і падзенні коштаў на нафту.
Папярэдні пакет дапамогі на 13 млрд даляраў быў бяссільны аздаравіць банкаўскую сістэму, на балансе якой па-ранейшаму знаходзяцца безнадзейныя крэдыты. Грошы дзяржавы папоўняць капітал і дазволяць спісаць гэтыя актывы.
Першая порцыя дапамогі можа быць выдзеленая ў пачатку наступнага года - пакет складзе блізу 1 млрд даляраў. «Гэта ўжо праца, якая будзе праводзіцца ў студзені-лютым месяцы. У лютым канчатковыя індывідуальныя планы з кожным фінансавым інстытутам будуць падпісаныя, што мы будзем рабіць у найбліжэйшыя два, тры гады», - распавёў кіраўнік Нацбанка Казахстана Ербалат Дасаеў.
Паводле разлікаў Moody's, недахоп рэзерваў у банкаўскай сістэме Казахстана вар'іруецца ад 400 да 600 мільярдаў тэнге (1,1-1,6 млрд даляраў).
Незразумелым застаецца тое, хто прафінансуе новыя ўліванні ў банкі. Калі ўскласці гэты абавязак на ўрад, гэта ўдарыць па бюджэце і вымусіць Мінфін займаць грошы на рынку.
Іншы сцэнар - пайсці па шляху Банка Расеі, які фінансаваў выратаванне банкаў за кошт грашовай эмісіі і за пяць гадоў, паводле ацэнкі Fitch, «надрукаваў» суму, эквівалентную 80 млрд даляраў (удвая больш, чым было выдаткавана на Алімпіяду ў Сочы).
Зрэшты, у гэтым выпадку павелічэнне грашовай масы можа ўдарыць па тэнге, які ў 2015 годзе быў дэвальваваны ўдвая - з 188 да 364 тэнге за даляр, і з тых часоў працягвае павольна таннець, абнаўляючы гістарычныя мінімумы.
На 18.43 мск аўторка тэнге таргуецца на адзнацы 386,62 за даляр, страчваючы 0,2% за дзень. 9 кастрычніка курс дасягаў рэкордных 391,32 тэнге за даляр.