BE RU EN

У Нямеччыне забаронена ўшчамляць «дармаедаў»

  • 9.11.2019, 17:35

Нямецкая сістэма падтрымкі беспрацоўных зусім не падобная на тую, да якой прывыклі беларусы.

На гэтым тыдні Канстытуцыйны суд Нямеччыны прызнаў незаконнымі захады, уведзеныя 14 гадоў таму ўрадам Герхарда Шродэра і закліканыя караць беспрацоўных, якія доўгі час адмаўляюцца ад працы, піша «Салідарнасць».

Суддзі раскрытыкавалі значную частку рэформаў нацыянальнага рынку працы 2005 года, заявіўшы, што санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да доўгатэрміновых беспрацоўных, несумяшчальныя з павагай іх вартасці. Гэта значыць, што беспрацоўныя, якія не адпавядаюць вызначаным патрабаванням для атрымання сацыяльнай дапамогі, больш не будуць зазнаваць суровыя санкцыі.

У Нямеччыне, найбуйнейшай эканоміцы Еўропы, магутны рынак і вельмі нізкі ўзровень беспрацоўя. Аднак, летась 5,6 мільёнаў чалавек атрымалі сацыяльную дапамогу Hartz IV.

Дагэтуль было так: калі беспрацоўны не пагаджаецца на прапанаваную яму працу або кідае яе, штомесячная дапамога Hartz IV скарачаецца на 30% цягам трох месяцаў. А калі і пасля гэтага беспрацоўны манкіруе працай, наступныя тры месяцы ў яго адымаюць 60% адсоткаў, а затым выплаты і зусім могуць скасаваць на тры месяцы.

Але цяпер Канстытуцыйны суд пастанавіў, што вылікі да 30% па-ранейшаму дапушчальныя, аднак скарачэнне іх на 60% і больш парушае Асноўны закон Нямеччыны. Так што калі беспрацоўны адмаўляецца ад прапанаванай працы, скарачэнне не павінна перавышаць 30% ад сумы дапамогі.

Летась Федэральнае агенцтва ў працаўладкаванні налічыла 904 тысячы штрафаў беспрацоўным, якія не выконвалі яго патрабаванні - гэта тычылася 441 тысячы чалавек. Праўда, у трох выпадках з чатырох гэта быў мінімальны штраф у суме 10% ад сумы сацыяльнай дапамогі, якая сёння складае 424 еўраў на месяц. Аднак нямала беспрацоўных было аштрафаванае на суму, большую за 30%. Цяпер колькасць такіх штрафнікоў павінна скараціцца.

Дарэчы, нямецкая сістэма падтрымкі беспрацоўных зусім не падобная на тую, да якой прывыклі беларусы. Чалавек, які страціў працу, атрымлівае даволі прыстойную суму - пры ўмове, што папярэдняе месца працы падлягала абавязковаму страхаванню ад беспрацоўя, і страхавы ўнёсак выплачваўся цягам 12 месяцаў за апошнія два гады. Гэта значыць, калі чалавек працаваў хаця б адзін год з апошніх двух, у яго ёсць права на Arbeitslosengeld - 60% «чыстага», пасля выплаты падаткаў, заробку з апошняга месца працы. Калі ў беспрацоўнага ёсць дзеці, гэтая сума павялічваецца да 67%.

Права на атрыманне Arbeitslosengeld дзейнічае цягам года (калі звальненне было на ўласнае жаданне, цягам 9 месяцаў), пасля чаго Федэральнае агенцтва занятасці пачынае выплачваць яму толькі Hartz IV, то бок, мінімальныя 424 еўры на месяц.

Але нават атрымліваючы дапамогу, беспрацоўны можа займацца часовай падпрацоўкай, праўда, не больш за 14 гадзін і 59 хвілін на тыдзень. Атрымальнікі абавязаныя наведваць рэгулярныя сустрэчы з кансультантам цэнтра занятасці і быць у стане давесці, што яны актыўна шукаюць працу або зарэгістраваныя ў праграмах навучання новым навыкам.

Пры гэтым, каб атрымліваць выплаты, не абавязкова знаходзіцца ў Нямеччыне: як і грамадзяне астатніх краін ЕЗ, нямецкія беспрацоўныя маюць права на дапамогу, пакуль яны шукаюць працу ў іншых краінах Еўразвязу. Для іх таксама не прадугледжана ніякіх абавязкаў у выглядзе «грамадска-карысных работ» на калгасных палях, якія сталі бізуном для беларускіх беспрацоўных.

Апошнія навіны