BE RU EN

«Дыктатары павінны заўсёды на непрыкметных аэрадромах трымаць маленькі, цалкам запраўлены самалёцік»

  • 9.11.2019, 11:12

Міхаіл Гарбачоў - пра ўрокі гісторыі.

Гэта, вядома, не афіцыйнае інтэрв'ю Міхаіла Гарбачова. Гэта кароткі абмен рэплікамі, так і ацэньвайце. Накіды на палях глабальнай падзеі, што змяніла свет да лепшага, і аўтарам гэтай падзеі быў ён. Жартоўны тон пра вялікае - наогул тыпова для Гарбачова. Як і тое, што за кожнай іранічнай інтанацыяй праглядае невынішчальны, непапулярны сёння гуманізм. Менавіта гэта, а не геапалітыка, і здалося мне самым цікавым, піша старшыня рэдакцыйнай рады «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў.

- Калі Вы асабіста даведаліся пра падзенне мура?

- Раніцай.

- І як Вам падалася гэтая навіна?

- Ну, мы ж падобнага чакалі.

- А іншыя сусветныя лідары былі супраць. І Англія, і Францыя.

- Незразумела чаму? Нямеччына ж вельмі моцная, і яна павялічвалася, павялічвалася канкурэнцыя ў Еўропе, многія тады гэтага баяліся. Ну і гістарычная памяць нікуды не дзелася.

- Народ даўно хацеў знесці мур. Пад ноч падзення ўжо некалькі тыдняў тысячы немцаў з'язджалі з ГДР у ФРГ праз Вугоршчыну. Што можна было б зрабіць з народам, якія падняўся?

- Ну, ці мала што. Досвед быў.

- Вы сказалі аднаму нямецкаму палітыку: «А што ты будзеш рабіць, калі 500 000 выйдуць на вуліцы? Страляць, ці што?»

- Не памятаю такога.

- Гэта ёсць у стэнаграмах Вашых памочнікаў. Яшчэ яны прыводзяць лозунгі на Вашай сустрэчы з жыхарамі Усходняга Бэрліна: «Горбі! Дапамажы!». Чым Вы, уласна, маглі дапамагчы?

- Запрашалі кіраўніцтва гэтых краін да дыялогу з народам. Народу-то хаміць не трэба.

- У Румыніі Вас Чаўшэску нібыта не пачуў...

- Ён да нас прабрацца хацеў, у нас схавацца, а навошта страляць у людзей пачаў? Ну і, як той казаў, царства яму нябеснае, калі туды трапіў.

- А што ён павінен быў рабіць?

- Дыктатары павінны заўсёды на непрыкметных аэрадромах, звычайных такіх, трымаць маленькі, цалкам запраўлены самалёцік. І калі раздаецца песня «Аванти пополо» («Наперад, народ»), несціся на гэты аэрадром. Жарт.

- Жарт?

- А як ты думаеш?

- «Запрашэнне да дыялогу...» І гэтага было дастаткова для бяскроўнага падзення мура? Можа, яшчэ штосьці?

- Мы тады далі каманду - нашы войскі з казармаў не выводзіць.

- А прасілі Вас?

- Ты ж маё крэда ведаеш? Не лянуйся, запішы яшчэ раз: «Я, Гарбачоў, заўсёды быў і застаюся апанентам кровапраліцця. Я заўсёды быў і застаюся праціўнікам прымянення сілы да народа».

- Гэта падобна на распіску. Запісаў.

- Малайчына. Дык вось. Цяпер пра галоўнае. Прычына падзення мура, аб'яднання і, галоўнае, устанаўлення трывалага міру ў Еўропе - у перамозе нашага народа і народаў іншых краін над фашызмам. Вось пра гэта падумайце.

- Я падумаў.

- І?

- Другая сусветная тады і скончылася?

-Ну так. Таму што людзі ў нашай Еўропе перасталі баяцца адзін аднаго.

Апошнія навіны