NEXTA: У Бабруйску лекарка скончыла жыццё самагубствам
- 3.11.2019, 19:08
Казаць пра НЗ публічна бабруйскім медыкам забаранілі.
Ужо некалькі дзён медработнікі горада Бабруйска, што ў Магілёўскай вобласці, абмяркоўваюць страшную навіну: скончыла жыццё самагубствам супрацоўніца паліклінікі №1, піша тэлеграм-канал NEXTA. Жанчына працавала там псіхолагам.
Яе цела знайшлі ў пятлі. Медработніца пакінула перадсмяротную запіску, у якой патлумачыла матывы свайго ўчынку. Выдаваць змесціва дакумента цалкам мы не будзем, аднак важна, што асноўнай прычынай сыходу з жыцця жанчына назвала канфлікт з кіраўніцтвам першаснай арганізацыі ГА «Белая Русь» па месцы працы. Сама яна таксама знаходзілася ў гэтым грамадскім аб'яднанні.
Казаць пра НЗ публічна бабруйскім медыкам забаранілі: справа ў тым, што кіраўнік усяе мясцовай аховы здароўя Уладзімір Гацко цяпер балатуецца ў «дэпутаты» лукашэнкаўскай «палатцы», і скандал можа яму ў гэтым перашкодзіць. У той жа час муж загінулай ужо прама заявіў следчым органам, што «гэтага так не пакіне». Праўда, пакуль спробы дамагчыся справядлівага расследавання больш нагадваюць дыялог з глухой сцяной: занадта ўжо тут уцягнуты імідж улады.