Польшча будуе сушыльную ўстаноўку, каб абараніцца ад газавай дыверсіі з боку РФ
- 21.11.2019, 19:41
У 2016 годзе Расея сапсавала газ, які паступаў у Польшчу, змяшаўшы яго з вадой.
Польшча гатова да магчымых перашкод з пастаўкамі газу з Расеі. Пра гэта заявіў прэзідэнт кампаніі PGNiG Петр Вазняк, паведамляе Польскае радыё.
Вазняк запэўніў, што ў польскіх сховішчах назапашаныя адпаведныя запасы прыроднага газу.
Таксама, з яго слоў, у Польшчы завяршаецца збудаванне ўстаноўкі для асушкі газу.
«Польшча рыхтуецца да падобнай сітуацыі, як у 2016 годзе, калі расейцы пусцілі ваду ў газ, зрабіўшы яго непрыдатным. У нас у Польшчы яшчэ не было такой устаноўкі, найбліжэйшая такая ўстаноўка для асушкі газу - у Нямеччыне», - сказаў Вазняк.
Ён дадаў, што гэтыя работы павінны завяршыць у сярэдзіне снежня.