BE RU EN

Апытанне: Галоўныя мэты Еўрамайдану ва Украіне дасягнутыя

  • 21.11.2019, 18:38

Сёння ва Украіне адзначаюць Дзень годнасці і свабоды.

Экспэрты мяркуюць, што галоўныя мэты Еўрамайдана, сярод якіх змена палітычных элітаў і замежнапалітычнага вектара Украіны, былі дасягнутыя. Такія звесткі прыведзеныя ў экспэртным апытанні, праведзеным Фондам Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучарыва, вынікі якога былі прадстаўленыя ў чацвер, 21 лістапада, паведамляе Укрінфарм.

«Асноўныя мэты Майдана былі дасягнуты - гэта, перш за ўсё, змена ўлады (звяржэнне рэжыму Віктара Януковіча і абнаўлення палітычных элітаў), а таксама змена замежнапалітычнага вектара (еўрапейская і еўраатлантычная інтэграцыя), уключаючы падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Звязам (50 і 46 экспэртаў з 80-ці адпаведна - рэд.)», - гаворыцца ў апытанні.

У той жа час экспэрты мяркуюць, што поўнасцю або часткова былі дасягнутыя і іншыя мэты Майдана, напрыклад, старт неабходных рэформаў і ўзмацненне ролі грамадзянскай супольнасці.

Таксама, паводле звестак апытання, сталым застаецца меркаванне экспэртаў цягам шасці гадоў пра тое, што Майдан агулам перамог. Пры гэтым аб абсалютнай перамозе Майдана кажуць толькі 17 апытаных з 80, а большасць (47 экспэртаў) адказалі «хутчэй, так».

Акрамя таго, у Фондзе «Дэмакратычныя ініцыятывы» адзначаюць, што апытаныя экспэрты пераважна характарызуюць Еўрамайдан як Рэвалюцыю годнасці: выступ грамадства за дэмакратызацыю і еўрапейскі выбар. Паралельна падзеі Майдана таксама мелі характар пратэсту перш за ўсё супраць устанаўлення аўтарытарнага рэжыму і паўстання супраць дзейнай улады і карумпаванай сістэмы. Выказваліся таксама думкі, што падзеі Еўрамайдану былі барацьбой за незалежнасць і станаўленне палітычнай нацыі ва Украіне.

Фонд Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучарыва 7-19 лістапада 2019 правёў апытанне экспэртаў, прысвечанае ацэнцы падзей Еўрамайдану, наступстваў і ўрокаў на будучыню. У апытанні бралі ўдзел 80 экспэртаў.

Нагадаем, сёння ва Украіне адзначаюць Дзень годнасці і свабоды. У гэты дзень пачаліся такія гістарычныя падзеі, як Аранжавая рэвалюцыя 2004 года і Рэвалюцыя годнасці 2013 года.

Апошнія навіны