BE RU EN

ЗША змянілі пазіцыю датычна ізраільскіх паселішчаў на Заходнім беразе

  • 19.11.2019, 9:30

Біньямін Нетаньяху вітае новы падыход.

ЗША больш не ўважаюць, што будаўніцтва ізраільскіх цывільных паселішчаў на Заходнім беразе ракі Ярдан парушае міжнароднае права, заявіў у панядзелак, 18 лістапада, дзяржсакратар Майкл Пампеа. Гэтая пастанова, паводле ягоных словаў, была прынятая "пасля стараннага вывучэння аргументаў усіх бакоў дыскусіі" і адзначыла сабой змяненне палітыкі папярэдніх адміністрацый, якія з 1978 года прызнавалі, што паселішчы парушаюць міжнароднае права, паведамляе dw.com.

Ізраіль вітаў гэтыя выказванні Пампеа. Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху назваў іх выпраўленнем "гістарычнай памылкі" і заклікаў іншыя краіны далучыцца да ЗША.

Вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў знешняй палітыцы і бяспецы Федэрыка Магерыні ўжо заявіла, што пазіцыя ЕЗ нязменная: селішчы "з'яўляюцца нелегальнымі з пункту гледжання міжнароднага права" і значна ўскладняюць прымірэнне бакоў на аснове суіснавання дзвюх дзяржаваў.

У лістападзе Суд Еўрапейскага звязу пастанавіў асабліва маркіраваць тавары, вырабленыя ў габрэйскіх паселішчах на акупаваных Ізраілем тэрыторыях. "Простае ўказанне на тое, што тавары вырабленыя ў дзяржаве Ізраіль, можа дэзінфармаваць спажыўцоў з нагоды таго факту, што Ізраіль прысутнічае на адпаведных тэрыторыях як акупацыйная дзяржава, а не як суверэнны суб'ект", – гаворыцца ў пастанове суда.

У пастанове адзначаецца, што інфармацыя наконт прадукту павінна дазваляць спажыўцам рабіць прадуманы выбар "не толькі на аснове медыцынскіх, эканамічных, экалагічных і сацыяльных чыннікаў, але і на аснове этычных меркаванняў". У Ізраілі назвалі гэтую пастанову дыскрымінацыйнай. ЗША таксама выказалі сваю заклапочанасць гэтай пастановай, паказаўшы, што яна садзейнічае кампаніі байкоту ізраільскіх тавараў.

Апошнія навіны