У Элісце на мітынг супраць мэра з «ДНР» выйшлі тысячы чалавек
- 17.11.2019, 18:26
Акрамя адстаўкі Трапезнікава, мітынгоўцы патрабавалі вярнуць прамыя выбары кіраўніка горада.
У Элісце на мітынг за адстаўку кіраўніка адміністрацыі горада Дзмітрыя Трапезнікава, раней - аднаго з кіраўнікоў так званай "Данецкай народнай рэспублікі", выйшлі блізу дзвюх тысяч чалавек, паведамляе svoboda.org.
Са слоў арганізатара акцыі Бадмы Бюрчыева, нягледзячы на тое што мітынг быў узгоднены з уладамі, да яго пачатку паліцыя не дазваляла разгортваць транспаранты.
Акрамя адстаўкі Трапезнікава, мітынгоўцы патрабавалі вярнуць прамыя выбары кіраўніка горада.
Бюрчыеў адзначыў, што элістынцы нічога не ведалі пра Трапезнікава - ім яго "прывезлі", і гэта абурыла людзей. Ён таксама назваў дзейнага мэра чалавекам "бруднай рэпутацыі".
Дзмітрый Трапезнікаў стаў мэрам Элісты 26 верасня. У мінулым годзе, пасля забойства кіраўніка "ДНР" Аляксандра Захарчанкі ў Данецку, ён на працягу кароткага часу выконваў яго абавязкі.
Кандыдатуру Трапезнікава на пасаду мэра Элісты унёс на разгляд мясцовага парламента кіраўнік Калмыкіі Бату Хасікаў, які, у сваю чаргу, быў прызначаны на гэтую пасаду прэзідэнтам Пуціным у сакавіку 2019 года. Хасікаў заявіў, што Трапезнікаў атрымаў каласальны досвед аднаўлення Данбаса, і назваў яго «антыкрызісным мэнэджарам».
З моманту прызначэння Трапезнікава ў Элісце праходзяць масавыя акцыі за ягоную адстаўку.