BE RU EN

Фальсіфікатараў у Горадні прымусілі апраўдвацца за перавернуты ўначы сцяг

  • 17.11.2019, 10:23

На пасяджэнні, якое доўжылася дзве гадзіны, прысутнічалі назіральнікі ад АБСЕ.

Акруговая выбарчая камісія Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №51 16 лістапада разгледзела шэраг скаргаў ад незалежных назіральнікаў на выбарчых участках, паведамляе «Радыё Свабода».

На пасяджэнні, якое доўжылася дзве гадзіны, прысутнічалі назіральнікі ад АБСЕ.

Камісія разглядала скаргі з нагоды парушэнняў падчас выбарчай кампаніі ад каардынатара кампаніі «Права выбару» на Гарадзеншчыне Сяргея Верамеенкі.

Адно з пытанняў датычылася перавернутага за ноч дзяржаўнага сцяга Беларусі на выбарчым участку.

Як сцвярджаў гарадзенскі актывіст Сяргей Верамеенка, да 13 лістапада чырвона-зялёны сцяг на ўчастку вісеў дагары нагамі. Ён і назіральнік «Вясны» Ігар Дзячкоў прысутнічалі пры апячатванні памяшкання ўвечары 12-га, а пры распячатванні раніцай 13-га прысутнічаў Дзячкоў. І на раніцу 13 лістапада сцяг вісеў ужо «як трэба».

Са слоў старшыні выбарчай камісіі Сяргея Рапіна, нідзе ў выбарчым кодэксе нібыта не гаворыцца, што «памяшканне павінна быць апячатанае на ноч і што там нельга прысутнічаць». З яго слоў, час пачатку працы выбарчага ўчастка (10:00) азначае, што тады можна пачынаць галасаваць. Ён паведаміў, што сябры камісіі былі на ўчастку а 09:45 13 лістапада, праводзілі там сваё пасяджэнне.

Верамеенка таксама звярнуўся да камісіі са скаргамі з нагоды прымусу да датэрміновага галасавання. Ён сказаў, што мае аўдыё- і відэазапісы размоў з выбарцамі, студэнтамі і рабочымі людзьмі, якія сцвярджаюць, што іх прымушалі галасаваць датэрмінова, пагражалі выселіць з інтэрната, прынізіць балы студэнтам.

Аднак старшыня камісіі не захацеў слухаць і глядзець запісы. Ён патлумачыў, што не ведае, якім чынам рабіліся гэтыя запісы і хто на іх прысутнічае.

Рапін параіў звярнуцца з гэтымі пытаннямі ў міліцыю ці пракуратуру.

Усе скаргі Верамеенкі ў выніку былі прызнаныя «неабгрунтаванымі». Камісія кожны раз галасавала за тое, каб не даваць яму на іх адказ.

Апошнія навіны