«Праўду пра Курапаты» паказалі ў Менску
- 15.11.2019, 10:47
Выстава праходзіць у Палацы мастацтва.
«Праўду пра Курапаты» апавядаюць мастацкія палотны і дакументы розных гадоў, у агульнай колькасці блізу сотні экспанатаў. Мэта – не толькі захаваць памяць пра мінулае, але і зберагчы Курапаты сёння, паведамляе «Белсат».
Упершыню гэтую выставу паказалі ў Менску на лістападаўскія – дзядоўскія – дні тры гады таму. За гэты час яна паспела аб'ехаць шэраг гарадоў Беларусі і нават Украіны. За тры гады змянілася экспазіцыя, але мэта застаецца ранейшай.
«Галоўная мэта гэтай выставы – і мастацкай, і публіцыстычнай – гэта не даць знішчыць і не даць апаганіць Курапаты. Працэс гэты адбываецца», – кажа адзін з арганізатараў выставы ад ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Вацлаў Арэшка.
Абарона Курапатаў сёння – сярод галоўных тэмаў, якую абмяркоўвалі арганізатары і ўдзельнікі мерапрыемства.
Выстава «Праўда пра Курапаты» ў менскім Палацы мастацтва будзе доўжыцца да 22-га лістапада.
Больш падрабязна пра выставу глядзіце ў поўным выпуску праграмы.