BE RU EN

На Марсе значна вырас узровень кіслароду

  • 13.11.2019, 13:36

Чаму?

Спецыялісты NASA правялі аналіз сезонных змяненняў складу атмасферы Марса, звесткі аб якіх адправіў апарат Curiosity. Выявілася, што канцэнтрацыя кіслароду ў атмасферы планеты кожную вясну імкліва ўзрастае, і навукоўцы не разумеюць, чаму. Пра гэта піша slashgear.com.

Цягам шасці гадоў марсаход збіраў інфармацыю пра атмасферу Марса, аналізаваў іх і адпраўляў на Зямлю. З гэтых звестак становіцца зразумела, што ў атмасферы планеты змяшчаецца 95% вуглякіслага газу, 2,6% азоту, 1,9% аргону, 0,16% кіслароду і 0,06 вокісу вугляроду.

Зрэшты, на Марсе прысутнічае з'ява цыркуляцыі малекул, звязаная з сезоннымі зменамі ціску зімой і вясной. З азотам і аргонам сітуацыя сыходзіцца з той, што прагназуюць даследчыкі.

З кіслародам усё інакш - увесну яго змяшчэнне ў атмасферы планеты пачынае значна ўзрастаць і толькі ўвосень падае да ўзроўню, прадказанага вядомымі хімічнымі працэсамі. Прычым кожны год колькасць кіслароду розная. Іншымі словамі, спачатку яго нешта вырабляе, а затым выдаляе. Апошнім разам узровень кіслароду ў атмасферы чырвонай планеты перавысіў 30%, пры тым што ў атмасферы Зямлі яго змяшчаецца амаль 20%.

Навукоўцы пакуль дакладна не могуць сказаць, з чым гэта звязанае. Ёсць здагадка, што змяненне прапорцыі кіслароду ў атмасферы Марса супадае па часе са зменай узроўню метану. Выданне in-space.ru ўдакладняе, што «кісларод і метан могуць быць вырабленыя як біялагічным шляхам, напрыклад мікробамі, так і абіятычнымі - у хімічных працэсах, звязаных з вадой і грунтам».

Апошнія навіны