BE RU EN

Я служыў у крымінальным вышуку і злавіў на ўкідванні старшыню ўчастковай камісіі

  • Мікалай Казлоў
  • 13.11.2019, 13:01

Лідар АГП апублікаваў праграму, якая напалохала ўладу.

Дзяржаўная газета «Вечерний Минск» не надрукавала зварот лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі, які выступае супраць фальсіфікацыі выбараў, узурпацыі ўлады і карупцыі.

Нагадаем, раней пад забарону патрапіла тэлевыступ Мікалая Казлова. Такім чынам улада свядома і паслядоўна пазбаўляе лідара АГП законнага права звярнуцца да выбарцаў праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Сайт ucpb.org апублікаваў поўны тэкст забароненага да публікацыі ў «Вечернем Минске» звароту лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

«Зварот да выбарцаў лідара АГП Мікалая Казлова, кандыдата ў Старавіленскай выбарчай акрузе № 105

Я афіцэр, падпалкоўнік запасу, служыў у крымінальным вышуку Цэнтральнага раёна Менска. На выбарах 2008 года злавіў старшыню ўчастковай камісіі і ягонага намесніка на ўкідванні бюлетэняў у скрыню для галасавання, зафіксаваў гэта і запатрабаваў ад свайго начальства пакараць злачынцаў. Калі меры не былі прынятыя, на знак пратэсту я сышоў з пасады старшага оперупаўнаважанага ў асабліва важных справах у рангу падпалкоўніка.

У 2012 я прыйшоў у Аб'яднаную грамадзянскую партыю, цяпер выконваю абавязкі старшыні партыі. Жыву ў Цэнтральным раёне Менска.

25 гадоў дзейная ўлада стварала «моцную i квiтнеючую дзяржаву для народа». А ў выніку атрымалася жабрацкая мафіёзная крымінальная краіна, дзе роля народа звялася да таго, каб трымаць у раскошы сямейнікаў адной сям’і і іх набліжаных.

Я мяркую, што нашай краіне патрэбныя перамены!

Я выступаю:

СУПРАЦЬ фальсіфікацыі выбараў

СУПРАЦЬ узурпацыі ўлады

СУПРАЦЬ карупцыі

ЗА змяняльнасць улады і сумленныя выбары

ЗА правядзенне сістэмных рэформаў

ЗА еўрапейскі шлях развіцця

Нашая партыя - гэта каманда прафесіяналаў, у нас ёсць праграма сістэмных рэформаў «Мільён новых працоўных месцаў» - праграма, як пераўтварыць краіну, каб закон быў адзін для ўсіх, каб эканоміка дзейнічала, каб кожны, хто хоча, мог працаваць і зарабляць у сваёй краіне. Каб моладзь не з'язджала з Беларусі, каб пенсіянеры атрымлівалі прыстойную пенсію.

Беларусь павінна стаць вольнай незалежнай еўрапейскай краінай з высокім узроўнем дабрабыту. Дзе галоўная мэта дзяржавы - падтрымка ініцыятывы і забеспячэнне роўных магчымасцяў для ўсіх грамадзян, абарона іх правоў, маёмасці і асабістай годнасці.

Як пабудаваць еўрапейскую Беларусь?

Рэалізаваць праграму сістэмных рэформаў «Мільён новых працоўных месцаў».

Паводле аналагічных праграм у свой час былі праведзеныя рэформы ў Швэцыі, Нямеччыне, Польшчы, дзе яны давялі сваю эфектыўнасць.

Стварэнне новых высокатэхналагічных працоўных месцаў з высокім заробкам, здаровымі ўмовамі працы, з асцярожным стаўленнем да прыроды - гэта канчатковы вынік цэлага комплексу рэформаў:

У палітычнай сферы

- РАЗДЗЯЛЕННЕ ЎЛАДАЎ: выканаўчая, заканадаўчая і судовая ўлада дапаўняюць, а не душаць адна адную;

- СУМЛЕННЫЯ СВАБОДНЫЯ ВЫБАРЫ органаў улады, падсправаздачнасць улады грамадзянам;

- МЯСЦОВАЕ САМАКІРАВАННЕ, большая частка падаткаў будзе заставацца ў рэгіёнах для развязання мясцовых праблем;

- СВАБОДА словы, інфармацыі, мірных сходаў.

У эканамічнай сферы

- вызваленне прыватнай ІНІЦЫЯТЫВЫ;

- эфектыўная АБАРОНА ўласнасці;

- РАЗВІЦЦЁ малога і сярэдняга бізнэсу;

- прыватная МАЁМАСЦЬ на зямлю;

- спрыяльныя УМОВЫ ДЛЯ ІНВЕСТЫЦЫЙ;

- стабільнасць падатковай сістэмы.

Хто створыць працоўныя месцы?

- малы і сярэдні бізнэс: у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, турызме і сферы абслугоўвання;

- уласнікі прыватызаваных прадпрыемстваў;

- замежныя інвестары, якія дапамогуць пабудаваць сучасныя прадпрыемствы на аснове найноўшых тэхналогій і выйсці на новыя рынкі збыту.

Галоўная ўмова?

Да кіравання краінай павінны прыйсці новыя прафесійныя кіраўнікі, якія будуць дзейнічаць у інтарэсах народа.

Як гэта зрабіць?

Мы павінны аб'яднацца і разам выбраць сапраўднага народнага кандыдата. Тады мы прымусім рэжым на прэзідэнцкіх выбарах уключыць у камісіі нашых прадстаўнікоў і сумленна палічыць галасы! Наш кандыдат стане прэзідэнтам, пачне пераўтварэнні, правядзе сумленныя выбары ў парламент і спакойна сыдзе, не чапляючыся за ўладу.

Нас мільёны – грамадзян, якія хочуць перамен. Мы можам аб'яднацца - як гэта было, калі мы змагаліся супраць Дэкрэта «аб дармаедах» або спынілі будаўніцтва шкоднага завода ў Берасці.

Хочаце перамен - прыходзьце ў каманду!

Сумленныя выбары - гэта адзіны шлях да перамен у краіне, які не прывядзе да небяспечных наступстваў.

Прыходзьце ў Аб'яднаную грамадзянскую партыю, яднайцеся вакол ідэі сумленных выбараў і народнага адзінага кандыдата!»

Апошнія навіны