У Менску гарэў цэх вытворчасці антыфрызу і тармазных вадкасцяў
- 11.11.2019, 10:37
У нядзелю цэх працаваў звышурочна.
Увечары 10 лістапада ў 22:39 менскім выратавальнікам на нумар "101" патэлефанаваў мінак і расказаў, што на вуліцы Бабушкіна гарыць склад.
Ужо праз тры хвіліны падраздзяленні МНС прыбылі на месца здарэння, паведамляе прэс-служба ўстановы. Высветлілася, што пажар узнік у цэху, дзе выраблялі астуджальную вадкасць "Антыфрыз" і тармазную вадкасць. Там загарэўся бойлер 1995 года выпуску для разагрэву тэхнічных вадкасцяў і самі вадкасці на плошчы 10 квадратных метраў.
У нядзелю цэх працаваў звышурочна. У момант узнікнення пажару ў корпусе быў толькі адзін супрацоўнік. Яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў ён выйшаў з цэха сам, не пацярпеў. Пажар быў ліквідаваны ў 23:07.
У выніку пажару тэхналагічны працэс у цэху быў спынены.
Мяркуецца, што прычынай пажару стала парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенеравальных агрэгатаў і прыладаў.