BE RU EN

Лукашэнка замітусіўся

  • 10.11.2019, 11:56

Дыктатар баіцца быць «з'едзеным»?

Выданне «Коммерсант», спасылаючыся на некалькі крыніцаў у Крамлі паведаміла, што перамовы на тэму агульнай інтэграцыі Расеі і Беларусі ідуць поўным ходам і ўжо зацверджана больш за палову дарожных картаў, якія акрэсліваюць будучую эканамічную інтэграцыю. А пасля гэтага абяцаюць перайсці і да яднання палітычнага, паведамляе «Белсат».

Зацверджаныя дакументы, калі верыць выданню, прапісваюць, у якія тэрміны Менск і Масква ўніфікуюць бухгалтарскі ўлік, прамысловую і макраэканамічную палітыку, захады для стабілізацыі курсаў валютаў і гарманізуюць падатковае заканадаўства. Інфармацыю выдання пацвярджае маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

«Як рухацца – разуменне ёсць. Іншая рэч, што гэтыя карты маюць прагнозна-дырэктыўны характар – якім чынам зрабіць нешта лепш. Калі знаёмішся з гэтымі дакументамі, то ўзнікае ўражанне, што гэта рэальна», – кажа Андрэй Суздальцаў.

Пакуль прагрэсу не дасягнулі ў пяці картах, адна з якіх прыпадае на сельскую гаспадарку, а чатыры – рынак газу, нафты і электраэнэргіі, адзначае эксперт. Але Андрэй Суздальцаў перакананы, што ўсе дарожныя карты будуць падпісаныя восьмага снежня – у 20-гадовы юбілей «саюзнай дамовы».

«Пасля гэтага будзе наступная стадыя, якая будзе выглядаць наступным чынам. Апынецца, што выканаць патрабаванні дарожных картаў немагчыма, узгадніць беларускія правілы і законы з расейскімі немагчыма. Таму ўсе пераходзяць на расейскія!» – папярэджвае метадолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Пагрозаў беларускаму суверэнітэту перамовы не нясуць, бо датычацца яны выключна эканомікі – неаднаразова заяўляў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей. Уладзімір Мацкевіч словам чыноўнікаў не давярае.

«Яны супраціўляюцца, яны запавольваюць гэты працэс, яны лапкамі сваімі мітусяцца, але яны трапляюць у пастку. Яны будуць з'едзеныя», – мяркуе эксперт.

Ад эканамічнай інтэграцыі Масква мае намер перайсці да палітычнай – заяўляе «Коммерсант». Паводле газеты, крамлёўскія перамоўнікі згадваюць і пра стварэнне наднацыянальных органаў, і нават пра агульную Канстытуцыю. Андрэй Суздальцаў звесткі газеты аспрэчвае.

«Яны згадваюцца, але не вядуцца, бо беларускі бок на гэтыя перамовы не ідзе. Таму гэтыя пытанні адкладаюцца на стол прэзідэнтаў», – адзначае расейскі палітолаг.

Масква, у сваю чаргу, адкладае падпісанне дамовы пра пастаўку нашай краіне газу. Пра кошт паліва Крэмль гатовы размаўляць толькі пасля таго, як Менск падпіша праграму эканамічнай інтэграцыі.

Апошнія навіны