BE RU EN

У РФ кіроўцаў пакараюць «рублём» за адмову ставіць «жучкі» на машыны

  • 7.10.2019, 12:48

Для тых, хто адмовіцца ўсталёўваць тэлематычныя датчыкі, поліс падаражэе ўдвая.

Адмова кіроўцаў усталёўваць ва ўласных аўтамабілях тэлематычныя датчыкі, якія паведамляюць страхоўшчыкам пра хуткасць і геаграфію перамяшчэння кліента, зробіць поліс АСАГА прыкметна даражэйшым, піша сайт finanz.ru.

Так, сума, якую давядзецца выкласці аўтаўладальніку без тэлематычнага датчыка, ужо ў 2020 годзе для некаторых расейцаў можа стаць вышэйшай больш чым на 100%.

Законапраект пра так званую лібералізацыю АСАГА рыхтуецца да разгляду ў Дзярждуме ў першым чытанні 15 кастрычніка. У дакуменце, сярод іншага, ёсць пункт пра чыннікі, якія страхавальнікі могуць браць да ўвагі пры вызначэнні індывідуальнага тарыфу для кліента: "характарыстыка (навыкі) кіравання транспартнага сродку ягоным уладальнікам (рэзкасць тармажэння, паскарэння, перастраення, частата і даўжыня выкарыстання транспартнага сродку) пры ўмове іхняй фіксацыі, у тым ліку з выкарыстаннем тэлематычных прыладаў...".

Персаналізацыя тарыфаў АСАГА і будзе заключацца ў тым, што страхавальнікі самастойна абяруць для кліента тарыф, пры гэтым яны будуць мець права браць да ўвагі наяўнасць або адсутнасць страхавога датчыка ў аўто, паказваюць у Мінфіне, які з'яўляецца аўтарам законапраекта. Пры гэтым ва ўстанове нагадалі, што пастанова ўсталёўваць датчык – гэта не абавязак кіроўцы, а ягонае права.

У цяперашнім выглядзе папраўкі дазволяць страхоўшчыкам налічыць максімальны кошт АСАГА кліенту, што адмовіліся ад тэлематычнага датчыка. У законапраекце цалкам адсутнічае нарматыўнае рэгламентаванне зніжкі альбо павелічэння кошту для такіх кіроўцаў. Пры гэтым тарыфны калідор АСАГА прапануецца ўжо з 1 студзеня 2020 года пашырыць на 40%, а з кастрычніка яшчэ дадаткова на 30%.

Цяпер максімальная верхняя планка кошту поліса ў цэлым у Расеі складае 4942 рублі. З новага года яна можа падняцца да 6,9 тысячы рублёў (+40%), а з кастрычніка 2020 года – да 9 тысячаў рублёў (яшчэ +30%). Такім чынам, аўтастрахоўка для рэгіёнаў, дзе заробкі грамадзянаў невысокія, а ў аўтапарку пераважаюць старыя "Жыгулі", упершыню скочыць на 82%. У такіх гарадах, як Байканур, Буйнакск, Хасавюрт, Дэрбент, Махачкала, Каспійск і Грозны, максімальная стаўка АСАГА вырасце больш чым удвая, паколькі цяпер там рэгіянальны каэфіцыент дазваляе рабіць зніжку кіроўцам на 30–40%.

Паслуга страхавання з тэлематычным датчыкам цяпер распаўсюджаная ў сегменце аўтастрахавання каско. Страхавальнікі першапачаткова прадаюць кліенту поліс з максімальным тарыфам, але калі апошні хоча атрымаць зніжку, яму прапануюць бясплатна ўсталяваць тэлематычны GPS/ГЛОНАСС-трэкер. З ягоных паказанняў вызначаецца патэнцыйная рызыка ДТЗ кіроўцы і вылічваецца зніжка.

Грашовая розніца пералічваецца кіроўцу на рахунак. Самі датчыкі ўсталёўваюцца без якіх-небудзь даплатаў з боку кіроўцы і здымаюцца праз адзін або некалькі месяцаў.

Апошнія навіны