BE RU EN

Здавалася, пры чым тут Лукашэнка

  • Андрэй Саннікаў
  • 4.10.2019, 10:46

Прычына скасавання візітаў еўрапейскіх палітыкаў цалкам відавочная.

А чаму так здзьмуліся ўсе беларускія «аналітыкі»?

Самыя разумныя і інфармаваныя?

Бо адбылася сапраўдная сенсацыя: у Менск адмовілася прыехаць вярхоўная прадстаўніца Еўрапейскага звязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні!

А яшчэ пра непрыезд паведаміў адзін з самых дасведчаных і інфармаваных палітыкаў Еўропы міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

Потым паспрабавалі звязаць усё гэта з непрыездам міністра замежных справаў Польшчы Яцака Чапутовіча, які павінен прысутнічаць на пахаванні Карнэля Маравецкага, легенды польскай «Салідарнасці» і бацькі цяперашняга прэм'ера Польшчы – ізноў ва ўсім вінаватыя палякі!

Апошнім адмовіўся прыехаць у Менск самы адданы сябар Лукашэнкі апошняга часу міністр замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

Офіс Магерыні з усёй брусэльскай шчырасцю заявіў, што паездка адкладаецца праз змяненне ў планах некаторых удзельнікаў візіту.

Тыпу, не толькі мы. Песня, а не тлумачэнне.

Потым усё ж дадалі, каб ужо зусім не аблажацца, – пастанова прынятая пасля кантактаў з беларускім бокам.

І тут давялося зазнаць сапраўднае задавальненне: назіраць, як заўзята «беларускія аналітэгі» кінуліся апраўдваць Лукашэнку. Ён, наймудрэйшы, іх, еўрапейцаў, пакорліва так чакаў, а яны не маглі нават свае планы паездак узгадніць.

Або ён так спяшаўся вярнуцца ў Менск з далёкага Ерэвана, а яны пастанавілі, што ён не паспее з імі сустрэцца і адмовіліся прыехаць.

Або ён усё роўна не змог бы з імі сустрэцца, таму што павінен быць у Жытоміры (у Жытоміры!).

Або для Лукашэнкі зневажальна сустракацца з Магерыні, якая сыходзіць, і ён аддасць перавагу новаму Барэлю.

Або, як адзін дагаварыўся, прыезд гэтых чыноўнікаў увогуле не мае значэння.

Або гэта еўрапейцы самі вінаватыя, што стварылі невыносныя ўмовы для прыезду саміх жа сябе ў Беларусь, як яны здзекліва называюць, у «апошнюю дыктатуру ў Еўропе».

Здавалася, пры чым тут Лукашэнка, калі гэта еўрапейцы адмовіліся ехаць у Менск, а не ён да іх.

Ды пры ўсім.

Візіты скасоўвалі з Менска. І прычына скасавання цалкам відавочная.

Мне толькі цікава, хто папярэдзіў еўрапейцаў, каб не прыязджалі? Хто гэты whistleblower?

Увогуле, назіраем за Жытомірам.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Апошнія навіны