BE RU EN

Зянон Пазняк паведаміў следству пра злачынствы Лукашэнкі

  • 27.10.2019, 8:41

Беларускія грамадзяне могуць падтрымаць ініцыятыву.

Беларускія грамадзяне Пазняк Зянон Станіслававіч, Беленькі Юры Адамавіч, Папкоў Сяргей Пятровіч падрыхтавалі і адправілі ў Генеральную Пракуратуру і Следчы Камітэт заявы абвінаваўчага характару пра антызаконныя дзеянні Лукашэнкі, паведамляе «Беларуская салідарнасць».

Выданне апублікавала тэкст заявы:

Генеральнаму Пракурору Рэспублікі Беларусь

У Следчы Камітэт Рэспублікі Беларусь

Аб правядзенні следства

Просім правесці следчыя дзеянні ў сувязі з паведамленнем прэс-службы Адміністрацыі Лукашэнкі пра публічнае выказванне А. Р. Лукашэнкі, у якім ён засведчыў пра стварэнне групы «кадравага рэзерву» колькасцю 850 чалавек, якія надзеленыя ім пэўнымі паўнамоцтвамі абароны перад законам і валодаюць персанальным імунітэтам. Без асабістага дазволу А. Р. Лукашэнкі «іх нельга затрымліваць, арыштоўваць». «Гэта важна для таго, каб яны маглі самастойна дзейнічаць», – растлумачыў А. Р. Лукашэнка.

Дзеянні А. Р. Лукашэнкі груба парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, у тым ліку:

– арт 7. «У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. Дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі i прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства»;

– арт.23. «Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону».

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (частка 3, раздзел 4) і Закон «Аб прэзідэнту Рэспублікі Беларусь» не надзяляюць асобу, якая займае гэтую пасаду, правам надаваць імунітэт і недатыкальнасць асобным грамадзянам або групам грамадзянаў.

Стварэнне антыканстытуцыйнай групы ў мэтах фармавання і ўтрымання ўлады, незаконнае надзяленне яе ўдзельнікаў адмысловымі паўнамоцтвамі, якія выводзяць іх з-пад дзеяння закона і падпарадкоўваюць толькі асабістай свабодзе А. Р. Лукашэнкі, з'яўляецца актам грубага выкарыстання ўлады ў асабістых інтарэсах і перавышэння службовых паўнамоцтваў (арт. 426 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь).

«Гэты тэкст можа паслужыць прыкладам для іншых заяваў, лістоў і зваротаў у органы пракуратуры і следства. Пішыце. Гэта трэба рабіць», – пракаментаваў ініцыятыву Зянон Пазняк.

Апошнія навіны