BE RU EN

Кіраўнік Пэнтагона прыбыў у Ірак на фоне вываду амэрыканскіх войскаў з Сірыі

  • 23.10.2019, 11:37

Міністр абароны ЗША абмяркуе сітуацыю з ірацкім калегам і прэм'ер-міністрам краіны.

Міністр абароны ЗША Марк Эспэр у сераду прыбыў у Багдад. Ягоны неабвешчаны зарання візіт праходзіць на фоне пытанняў пра тое, як доўга будуць заставацца ў Іраку войскі, што выводзяцца з паўночна-ўсходніх раёнаў Сірыі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Чакаецца, што Эспэр сустрэнецца са сваім ірацкім калегам і прэм'ер-міністрам Адэлем Абдулам Махдзі і абмяркуе з імі вывад амэрыканскіх войскаў з Сірыі і ролю Ірака ў гэтым.

Не менш за 700 амэрыканскіх вайскоўцаў прыбылі ў заходні Ірак, дзе ўжо знаходзяцца 5 тысяч вайскоўцаў. Эспэр сказаў, што дадатковы кантынгент дапаможа абараняць Ірак і можа быць задзейнічаны для правядзення антытэрарыстычных аперацый супраць ваеўнікоў «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі.

Аднак ірацкі ўрад сцвярджае, што вайскоўцы не атрымалі дазволу заставацца ў краіне.

У часе візіту ў Савудаўскую Арабію кіраўнік Пэнтагона заявіў, што «іх канчатковы пункт прызначэння - гэта дом» у ЗША.

Эспэр прыбыў у Багдад праз дзень пасля таго, як Анкара і Масква дамовіліся, што сірыйскія і расійскія войскі будуць разгорнутыя на паўночным усходзе Сірыі для адціскання байцоў курдскіх аддзелаў народнай самаабароны ды іхняга ўзбраення ад мяжы з Турцыяй.

Апошнія навіны