BE RU EN

Беларускія спецыялісты распавялі пра тое, колькі можна піць

  • 21.10.2019, 18:29

Спецыялісты назвалі парогавыя значэнні ўжывання алкаголю.

Паводле інфармацыі СААЗ, за год на аднаго жыхара Беларусі прыпадае 11,2 літра алкаголю. У рэйтынгу самых пітушчых наша краіна знаходзіцца на 27-м месцы. Спецыялісты расказалі, колькі можна выпіваць, каб не ўзнікла праблем са здароўем, паведамляе tut.by.

У ідэале, упэўненыя ў СААЗ, чалавек наогул не павінен піць, бо бяспечнага ўзроўню ўжывання алкаголю не існуе. Але свет не ідэальны, і каб пазбегнуць нядобрых наступстваў, спецыялісты раяць прытрымлівацца парогавых значэнняў ужывання алкаголю. Іх два.

Першае - гэта ўжыванне алкаголю з мінімальнай рызыкай. Сутнасць яго ў тым, што на дзень мужчынам дазволена выпіваць да дзвюх стандартных адзінак алкаголю, жанчынам - да адной. Пры гэтым мінімум на два дні на тыдзень чалавек абавязаны цалкам адмовіцца ад алкаголю.

- Стандартная адзінка - гэта келіх або чарка, якія ўтрымліваюць 10 грамаў чыстага алкаголю, - тлумачыць Валянцін Русовіч, каардынатар праграм у грамадскім здароўі краінавага офіса СААЗ у Беларусі.

У лічбах і напоях прыблізны эквівалент адной стандартнай адзінкі выглядае так: моцнае спіртное - 35 мілілітраў, сухое віно - 110-120 мілілітраў.

- Гэта значыць, для жанчын - гэта адзін келіх на дзень, для мужчын - максімум два келіхі, - удакладняе суразмоўца на прыкладзе віна.

Другое парогавае значэнне - гэта працоўнае вызначэнне шкоднага ўжывання алкаголю.

- Для мужчын - гэта шэсць адзінак за адзін прыём, для жанчын - чатыры, - кажа Валянцін Русовіч. - То бок, калі лічыць маленькімі чаркамі, то шосты тост для мужчын і чацвёрты для жанчын - гэта ўжо шкоднае ўжыванне алкаголю і небяспека інтаксікацыі.

Пры гэтым, удакладняюць спецыялісты, калі чаркі падчас застолля, напрыклад, двайныя, то падлікі, у парогавых значэннях павінны быць адпаведнымі.

Апошнія навіны