Экспэрт: Дыпламаты не павінны прадаваць трактары
- 21.10.2019, 18:12
Румас крытыкуе міністраў, каб адвесці стрэлкі ад сябе.
Кіраўнік урада Сяргей Румас раскрытыкаваў міністраў і кіраўнікоў абласцей за праблемы з экспартам і запаволенне тэмпаў росту эканомікі за 9 месяцаў гэтага года.
- Калі няма вытворчасці, як можа расці экспарт? Гэта ж узаемазвязаныя пытанні. Кіраўнікі павінны несці адказнасць за свае словы і абавязацельствы, - заявіў прэм'ер-міністр.
Аб паводзінах Сяргея Румаса на «Примусе» выказаўся экспэрт у кіраванні і развіцці Генадзь Церпілоўскі, паведамляе «Салідарнасць».
- Па-першае, гэта надзея трошкі перавесці стрэлкі ўніз. І ў бок, у тым ліку на Расею. Маўляў, страты нашы звязаныя з падатковым манеўрам. Як заўсёды - вонкавы фактар.
Са слоў экспэрта, з такім жа поспехам прэм'ер-міністр мог бы паўшчуваць падначаленых за тое, што замест пошуку новых рынкаў яны глядзяць у чаканні развязання ўсіх праблем на кіраўніка дзяржавы.
- Дыпламаты ж не прафесійныя прадаўцы, якія не прадажнікі. Я разумею, калі яны ў нейкіх там заморскіх краінах займаюцца арганізацыяй спрыяльнага асяроддзя. Дамаўляюцца аб выставах, аб ільготным візавым рэжыме для прадаўцоў, якія працуюць на нашых заводах, - кажа Генадзь Церпілоўскі.
Дыпламаты павінны займацца суправаджэннем, прадаўцы - прафесійнымі продажамі. Кожны павінен займацца сваёй справай, адказаў экспэрт на папрок Румаса ў адрас МЗС, які «сур'ёзна не дапрацоўвае» ў пытаннях экспарту.
Праблема палягае ў тым, што паводле існай практыкі ўсе спадзяюцца на вышэйшае кіраўніцтва. У выніку выяўляецца, што дзесьці на трактарным заводзе ў аддзеле маркетынгу думаюць: «А навошта мне самому кудысьці ехаць, дамаўляцца? Бо за мяне наверсе ўжо ўсё вызначаць».
На справе ж выяўляецца, што прадстаўнікі прадпрыемстваў прыязджаюць за мяжу, цалкам перакананыя, што за іх ужо ўсё «вызначанае».