BE RU EN

Business Insider: Крэмль ахвяруе насельніцтвам, каб утаіць ядзерную катастрофу

  • 21.10.2019, 14:35

Вашынгтон дамагаецца праз ААН, каб Масква адказала на пытанне аб няўдалых выпрабаваннях ядзернай зброі, якія яна ўтойвае.

Расея з усіх сіл спрабуе ўтаіць ядзерную катастрофу, якая адбылася на яе тэрыторыі ў жніўні. Так сцвярджае чыноўнік Дзярждэпартамента ЗША, які правёў расследаванне расейскага інцыдэнту і на мінулым тыдні перадаў свае высновы ААН.

У інтэрв'ю Business Insider (пераклад - unian.net) намеснік памочніка Дзяржсакратара і чалец Бюро кантролю ўзбраенняў Томас ДзіНана паказаў на адрозненні паміж знаходкамі яго канторы аб аварыі ў Расеі і афіцыйнымі пярэчаннямі, якія паўтарае Масква. На пытанне журналістаў пра тое, ці паказваюць высновы амерыканскага расследавання на ўтойванне катастрофы, ДзіНана сказаў: «Так, менавіта пра гэта мы і кажам».

У ягонай справаздачы таксама ўказана, што 8 жніўня ў Расеі адбылася аварыя, калі інжынеры спрабавалі дастаць з дна Белага мора крылатую ракету з ядзерным рухавіком. Ракета ляжала ў акваторыі пасля няўдалых выпрабаванняў у лютым 2018 года.

Пасля выбуху расейскія чыноўнікі абвясцілі аб эвакуацыі насельніцтва ля сяла Нёнаксы, але потым скасавалі гэтую пастанову. Замест гэтага чатыры станцыі маніторынгу за ядзерным фонам былі выключаныя. Чыноўнікі Расеі не папярэдзілі лекараў аб тым, што ім прывозяць ахвяраў ядзернага апрамянення. Пазней расейскія спецслужбы прымусілі работнікаў лякарняў падпісаць пагадненне аб не выдаванні таямніцы.

«Мы сапраўды ўпэўнены ў тым, што Расеі трэба адказаць за гэта. Ім наогул шмат за што трэба адказаць і не толькі перад расейскім народам і суседнімі краінамі, але і перад светам», - сказаў ДзіНана.

«Гэта ўплывае на краіны ў Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы гэтак жа, як і на суседнія краіны. Гаворка ідзе не толькі аб самім інцыдэнце. Гаворка ідзе пра тое, наколькі безадказная расейская праграма распрацоўкі зброі. І наколькі яна агрэсіўная», - дадаў амерыканскі чыноўнік.

Ракета пад назвай 9М730 «Буравеснік» мае ядзерны рухавік. Дзейнае пагадненне аб скарачэнні ядзерных арсеналаў паміж Расею і ЗША не тычыцца яе.

«Мы перакананыя, што такія экзатычныя сістэмы таксама не павінны існаваць. Але калі яны ўжо існуюць, нам трэба абмеркаваць, як іх будуць кантраляваць», - растлумачыў ДзіНана.

З ягоных слоў, пакуль расейская ракета без ядзернай боегалоўкі ляжала на дне Белага мора, яна была за 100-200 кіламетраў ад цэнтра населенага пункта. Але калі адбыўся выбух ядзернага рухавіка падчас спробы дастаць яе, Расея адразу ж пачала працу над тым, каб утаіць аварыю, адключыўшы маніторынгавыя станцыі, размешчаныя на яе тэрыторыі ў межах усёабдымнай дамовы аб забароне ядзерных выпрабаванняў.

Са слоў экспэрта Дзярждэпартамента ЗША, наступствы выбуху дагэтуль уяўляюць небяспеку для людзей, якія жывуць паблізу.

«Проста цяпер трэба правесці сур'ёзныя мерапрыемствы для абеззаражвання», - сказаў экспэрт.

Таксама трэба вызначыць, наколькі шырока прадукты ядзернага сінтэзу, таксама радыеактыўныя, распаўсюдзіліся ў рэгіёне.

«Мы выбралі ААН для абмеркавання праблемы не проста так. Захоўванне такой зброі - гэта велізарная адказнасць. А такія паводзіны непрымальныя», - сказаў ДзіНана.

Апошнія навіны