BE RU EN

Прарыў дамбы ў Краснаярскім краі: Колькасць пацярпелых расце

  • 21.10.2019, 9:44

Апошнія навіны пра трагедыю ў Расеі.

У Краснаярскім краі колькасць пацярпелых ад разбурэння дамбаў на Сейбе ля пасёлка старацеляў павялічылася да 27 чалавек, удакладніла прэс-служба рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя. У дзень аварыі паведамлялася, што траўмы атрымалі 16 працоўных залатога рудніка, паведамляе «Новая газета».

Усяго ў раённай лякарні цяпер знаходзяцца дзевяць чалавек з лёгкімі траўмамі, яшчэ дзевяцярых на самалёце даставілі ў краявую лякарню. Дзевяць працоўных адмовіліся ад шпіталізацыі пасля агляду.

«Ужо пасля здарэння былі шпіталізаваныя дзесяць чалавек, пяць з іх з цяжкімі і сярэднімі траўмамі дастаўленыя санавіяцыяй у Краснаярск, а яшчэ пяць знаходзяцца ў раённай лякарні», – адзначылі ў міністэрстве.

У выніку каскаднага разбурэння пяці дамбаў на рацэ Сейба хваляй вышынёй некалькі метраў былі змеценыя бытоўкі пасёлка золатаздабывальнай арцелі «Сісім». Паводле апошніх звестак, 15 чалавек загінулі, целы яшчэ пяцярых не знайшлі – яны ўважаюцца зніклымі.

Паколькі дамбы для адводу грунтавых вод на надзеле золатаздабычы былі пабудаваныя без якіх-небудзь дазвольных дакументаў, Распрыроднагляд пастанавіў праверыць усе іх радовішчы, а таксама ўсе дамбы ў краіне. Паводле крымінальнай справы былі затрыманыя гендырэктар кампаніі «Сісім», а таксама кіраўнік і майстар горнага надзелу.

Апошнія навіны