BE RU EN

Апазіцыйны актывіст: Лукашэнка набірае чыноўнікаў «з кампраматам»

  • 20.10.2019, 19:37

Беларусы проста не могуць назваць кампетэнтных кіраўнікоў ва ўладзе.

«Кіраўнік - гэта нашмат больш, гэта нашмат вышэй, і гэта нашмат больш якасны чалавек» - мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Пра гэтых «якасных людзей» «Белсат» запытаўся ў жыхароў Магілёва: каго з дзейных дзяржаўных чыноўнікаў яны ўважаюць за кампетэнтных, прафесійных?

«Авохці, якое пытанне цікавае! Каб я іх яшчэ ведаў. У Беларусі?».

«Я нават не ведаю».

«Я такіх не ведаю».

«Я нават не магу вам сказаць».

«Я нікога не ведаю і не ведаю, што яны робяць на сваіх месцах».

«Усё залежыць ад узроўню жыцця: чым лепш мы жывем, значыць, тым лепш яны працуюць, а нам лепш не становіцца жыць».

Амаль чвэрць стагоддзя кіроўныя кадры для краіны рыхтуе Акадэмія кіравання пры Лукашэнку. Будучыя кіраўнікі пацікавіліся ў кіраўніка краіны, як праходзяць дні кадравых прызначэнняў: «Выдайце сакрэт, што адбываецца, калі вымыкаюцца камеры? Якія словы блаславення Вы кажаце кандыдатам на кіроўныя пасады?»

Лукашэнка расказаў, што з кандыдатамі праводзяць гутарку, добра вывучаюць іх ды іхнія сем'і, і толькі пасля гэтага подпіс кіраўніка краіны заканчвае прызначэнне.

Актывіст БНФ Віталь Макаранка мяркуе:

«Збольшага бяруць людзей з кампраматам, бо на іх вельмі лёгка націснуць у патрэбны момант, імі вельмі лёгка кіраваць».

Лёгка і вылецець з запаветнага рэестра, расказаў журналістам былы начальнік галоўнага дзяржаўнага прававога дэпартамента Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі:

«Калі ён хоча, з першай прыхамаці вылятаюць адтуль усё, хто хочаш: ён можа зняць прэм'ера за хлусню, можа зняць старшыню «палаты прадстаўнікоў», бо той яму перастаў быць сябрам і г.д.».

Можа, для таго, каб не вылецець, плойма дзяржаўных службоўцаў аддана служыць Лукашэнку, а не народу.

Апошнія навіны