Васіль Жораў: Улады нервуюцца і робяць памылкі
- 19.10.2019, 22:27
Яны баяцца, што людзі ўбачаць альтэрнатыву калгаснай дыктатуры
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Васіль Жораў, якому было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты, пракаментаваў прэс-службе грамадзянскай кампаніі пастанову камісіі:
- Мяне не зарэгістравалі з той прычыны, што мы праводзілі яркую кампанію, казалі тое, што лічылі патрэбным. Улада проста спалохалася, што не зможа нас кантраляваць.
Мне было адмоўлена ў рэгістрацыі праз папярэджанні, якія былі вынесеныя на этапе збору подпісаў. Але я падаваў дакументы, як кандыдат ад Партыі БНФ. Паводле закона, у гэтым выпадку папярэджанні, вынесеныя пры зборы подпісаў нельга ўлічваць.
Улады да такой ступені баяцца, што людзі ўбачаць альтэрнатыву калгаснай дыктатуры, што плююць на ўласныя законы. І я кажу не толькі пра свой выпадак.
Праз тое, што рэгістрацыю адклалі на апошні дзень, мае калегі страцілі два дні агітацыі, бо нават на дазволеныя месцы правядзення пікетаў трэба падаць заявы ў выканкамы. За два дні.
Сёння было адмоўлена ў выступе Ірыне Халіп - даверанай асобе зарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты, актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» Аксаны Юшкевіч. Гэта прамое парушэнне артыкула 76 Выбарчага кодэкса.
Уся друкаваная прадукцыя павінна праходзіць зацвярджэнне ў выбаркамах. Гэта ўжо прамая цэнзура.
Улады пастаянна ладзілі праверкі, дасылалі на пікеты сваіх прадстаўнікоў і правакатараў. Увесь час былі заўвагі па стэндзе, па зборы подпісаў, па зносінах з людзьмі. Гэта было прадказальна, баязлівасць уладаў нельга не прадбачыць.
Мы не будзем іграць паводле іх правілаў, мы гэта паказалі ўжо на этапе збору подпісаў. Яны баяцца, нервуюцца і робяць памылкі.
Я падаў скаргу на адмову ў рэгістрацыі. А далей мы з нашай камандай з «Еўрапейскай Беларусі» будзем дзейнічаць у адпаведнасці з сітуацыяй.