BE RU EN

Хто такі сэнатар Клішас, які прапанаваў беларусам «чэбурнэт»

  • 19.10.2019, 17:31

Пяць фактаў пра расейскага чыноўніка, які набыў скандальную славу ў сябе на радзіме.

Расейскі сэнатар Андрэй Клішас заявіў напярэдадні аб неабходнасці стварэння ў рамках «саюзнай дзяржавы» агульнай інфармацыйнай прасторы. Са слоў чыноўніка, краінам трэба распрацоўваць адзіныя правілы захоўвання і абароны інфармацыі, а таксама рэгулявання працы інтэрнэту.

У сябе на радзіме сэнатар Клішас набыў скандальную славу. «Салідарнасць» прапануе некалькі фактаў з біяграфіі чыноўніка.

Сын адстаўнога палкоўніка

Андрэй Клішас нарадзіўся ў Свярдлоўску (цяперашнім Екацярынбургу) у лістападзе 1972 года ў сям'і адстаўнога палкоўніка. Вучыўся на філасофскім факультэце Уральскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Горкага. Выпускнік Расейскага ўніверсітэта дружбы народаў. Прадпрымальнік-мільянер, з 2012 года чалец «Адзінай Расеі».

Аўтар скандальных законапраектаў

Чалец Савета Федэрацыі Андрэй Клішас з'яўляецца суаўтарам нядаўняга законапраекта, адзін з пунктаў якога прадугледжвае арышт на 15 дзён за праяву непавагі да ўлады.

Таксама ён прыклаў руку да стварэння законапраектаў аб «суверэнным» інтэрнэце, контрсанкцыях у дачыненні да ЕЗ і ЗША, крымінальнай адказнасці за пікеты і мітынгі.

Трапіў пад санкцыі за стаўленне да Крыму

Падтрымка Клішасам генеральнай лініі расейскіх уладаў у дачыненні да Крыма ў 2014 годзе, ягоная праца над так званай «праграмай гістарычнага вяртання» ўкраінскага паўвострава, каштавала чыноўніку візавых і эканамічных санкцый з боку краін Еўразвязу, ЗША, Канады і Аўстраліі.

Навальны vs Клішас

У РУДН Андрэй Клішас вучыўся разам з Аляксеем Навальным. Сёння былы аднакурснік публікуе выкрывальныя фільмы пра расейскага сэнатара.

Навальны называе Клішаса «галоўным пуцінскім салдатам у справе барацьбы з інтэрнэтам». А за адно дэманструе багацці, якія са звестак антыкарупцыйнага фонду Навальнага належаць сэнатару.

«Сапраўдны расейскі пан»

У каментарах да фільма Навальнага пра Клішаса чыноўніка называюць «сапраўдным расейскім панам». Мяркуючы з убачанага, такая аналогія з'явілася невыпадкова. Футры, паляўнічыя сабакі, велізарныя палацы, гадзіннікі за сотні мільёнаў расейскіх рублёў - далёка няпоўны спіс апублікаванага ў фільме пра чыноўніка.

Але сэнатар, відавочна, не саромеецца ўласнага багацця. Адказваючы на пытанне журналістаў аб дарагіх гадзінніках, ён адзначыў: «Вы хочаце, каб дэпутаты, чальцы Савета Федэрацыі хадзілі ў танных гарнітурах, пластыкавых гадзінніках?»

Апошнія навіны