BE RU EN

Пачатак

  • Ірына Халіп
  • 18.10.2019, 9:56

Большасць беларусаў глыбока пагарджаюць Лукашэнкам.

Не, час, мабыць, чыноўнікам ладзіць забегі прусакоў, таму што больш нічым зацікавіць нас яны не могуць. А мы іх, аказваецца, можам нават здзівіць. І пры ўсім шматтонным і шматтысячным адміністрацыйным рэсурсе мы іх перагуляем.

Адмова ў рэгістрацыі Максіму Вінярскаму, Андрэю Войнічу, Васілю Жораву, Андрэю Маркаву нечаканкай для нас не стала. У тым, што мяне не дапусцяць да рэгістрацыі, таксама ніхто не сумняваўся. А вось мы ўсе – «Еўрапейская Беларусь» – сталі для іх сапраўднай нечаканкай. Чыноўнікі перакананыя, што беларусамі кіруюць страх і першабытныя інстынкты. І галоўнае для падтрымання гэтага стану – час ад часу праводзіць масавыя (ці нават не надта масавыя) рэпрэсіі, каб кожны беларус атрымаў сваю ін'екцыю страху і заціх. Але, апынулася, у Беларусі далёка не ўсе змірыліся з тым, што адбываецца. Не ўсе ўбудаваліся ў сістэму. Не ўсе пастанавілі проста выжываць, як у СССР. Не, ёсць людзі, якія хочуць і могуць супрацьстаяць, працаваць, змагацца. Яны розныя. Гэтых людзей аб'ядноўвае адно: жаданне жыць у вольнай краіне. Такая дробязь – і так бясконца многа.

А для нас – тых, хто ўдзельнічае ў палітычнай кампаніі, – нечаканкай стаў маштаб нянавісці да рэжыму. Так, мы разумелі, што большасць беларусаў ненавідзіць гэты рэжым і глыбока пагарджае Лукашэнкам. Але высветлілася, што не проста большасць, а большасць абсалютная. Я асабіста абышла больш за тысячу кватэраў за месяц збору подпісаў – і толькі ў адной пачула фразу «я за Лукашэнку». У адной, разумееце? Гэта значыць, ягоная падтрымка ўжо знаходзіцца на ўзроўні статыстычнай хібнасці. У некаторых дамах мяне сустракалі жорсткай фразай: «Калі ты апазіцыя – заходзь. Калі не – пайшла прэч адсюль». Дзесьці радасна казалі: «О, самі прыйшлі! А мы ўжо збіраліся заўтра шукаць вашыя пікеты». Многія потым тэлефанавалі і апавядалі, дзе, з іх мясцовага пункту гледжання, лепш за ўсё выставіць пікет. У некаторых кватэрах я бачыла перадвыбарчыя ўлёткі Андрэя Саннікава 2010 года. Людзі іх захавалі як сведчанне таго, што Беларусь была блізкая да пераменаў яшчэ тады, – каб не забыцца ні Плошчу, ні сябе тагачасных, ні кашмараў, якія рушылі за гэтым. З некаторымі мы абдымаліся і абменьваліся тэлефонамі.

Вядома, зусім не ўсе, хто ненавідзіць Лукашэнку і ягоных саўдзельнікаў, мараць жыць у Еўропе. На жаль, былі і тыя, хто казаў: хоць бы Пуцін прыйшоў, у нас бы пенсіі расейскія сталі. Або тыя, хто казаў: не буду я падпісвацца, таму што мне брыдкія ўсе гэтыя «выбары». Або тыя, хто шаптаў, азіраючыся па баках, каб суседзі не пачулі: «Я вас падтрымліваю, але падпісвацца не буду – баюся, арыштуюць». Так, уявіце сабе, баяцца. І нават да такой ступені. А ўлады з задавальненнем гэтым карыстаюцца: жанчыну з вуліцы Сталетава на працы (яна працуе ў гэтым жа раёне) палохалі турмой, калі яна падпішацца за каго-небудзь, акрамя прапагандыста Думбадзэ, якога прызначылі ў «палатку». Яшчэ адна жыхарка акругі з вуліцы Мендзялеева апавядала, як увесь працоўны калектыў (яна таксама працуе ў Партызанскім раёне) выклікалі да кіраўніцтва і загадалі падпісацца за дзяржаўнага прапагандыста, прыстрашыўшы звальненнем, калі падпішуцца за каго-небудзь яшчэ. Ін'екцыя страху ўпырскваецца не толькі рэпрэсіямі, але і пагрозамі. І з гэтым страхам мы збіраемся змагацца.

«Ты не з Лукашэнкам змагайся, ты з народам, які ўсё гэты трывае, змагайся!» – наказваў мне адзін з тых, хто падпісаўся. Фармулёўка некарэктная, але я разумею, што ён меў на ўвазе: страх і абыякавасць, якія неўнікнёна звязваюць таго, хто прывык баяцца. Каб чалавек вырваўся з гэтага ліпкага кокана, недастаткова артыкулаў на «Хартыі» і пастоў у сацыяльных сетках, недастаткова Нехты і Лявона Вольскага. Чалавек павінен зразумець, што ён не самотны, не перамолаты дзяржавай, не выкінуты падыхаць на звалку. Для гэтага трэба падысці да яго – ці прыйсці ў ягоны дом – і сказаць: «Ты не адзін. Нас шмат. Не бойся. Разам мы справімся. Яшчэ будзем жыць у добрым, утульным, бяспечным доме, у міры з суседзямі. І дзеці перастануць уцякаць адсюль, і выгнаннікі вернуцца. І будзем самі пастанаўляць, каго выбіраць і як жыць».

Менавіта таму мы і хадзілі па дамах цэлы месяц. Менавіта таму не спыняемся і прадаўжаем працаваць. Усё роўна, у якасці кандыдатаў ці іх давераных асобаў. Мы ідзем далей.

Ты не адзін. Нас шмат. Не бойся.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны