BE RU EN

Актывісты вярнулі беларускую мову ў аршанскія аўтобусы

  • 16.10.2019, 13:54

Але барацьба працягнецца.

У грамадскім транспарце Воршы можа зноў з’явіцца беларуская мова. Пра гэта паведаміў у адказ на зварот грамадскага актывіста Ігара Случака намеснік старшыні Аршанскага райвыканкаму Сяргей Пац. Тэкст адказу актывіст выклаў у «Facebook’у», перадае «Белсат».

Чыноўнік прызнаў, што большасць апытаных на сайце райвыканкаму выказалася за беларускую мову ў транспарце. Але, заявіў ён, «па выніках апытання ў працоўных калектывах Аршанскага раёну грамадзяне аддаюць перавагу расейскай мове».

Таму аўтобуснаму парку Воршы «рэкамендавана з улікам тэхнічных магчымасцяў прапрацаваць пытанне» агучвання прыпынкаў у аршанскіх аўтобусах па-беларуску і па-расейску.

«Мы прыкладзем намаганні, каб вывесці на чыстую ваду тых, хто прыдумаў гэтую хлусню наконт працоўных калектываў. Рыхтуюцца адпаведныя звароты ў выканкам і пракуратуру», – пракаментаваў адказ чыноўніка Ігар Случак.

Улады Воршы прыбралі беларускую мову з грамадскага транспарту нібыта на просьбы жыхароў. Актывісты прапаноўвалі вярнуць беларускамоўнае агучванне прыпынкаў у аўтобусы, але супраць гэтага выступілі мясцовыя чыноўнікі. У выніку на сайце райвыканкаму было арганізаванае апытанне, падчас якога 73 % рэспандэнтаў выказаліся за беларускую мову ў транспарце ў якасці адзінай.

Апошнія навіны