BE RU EN

МВФ павысіў прагноз росту эканомікі Польшчы

  • 16.10.2019, 13:05

У Польшчы адзін з найлепшых паказнікаў у Еўропе.

Міжнародны валютны фонд панізіў прагноз росту сусветнай эканомікі да самай нізкай адзнакі з часоў сусветнага фінансавага крызісу дзесяцігадовай даўнасці. Паводле звестак МВФ, сёлета рост сусветнай эканомікі складзе ўсяго 3%. У той самы час прагноз росту ВУП для Польшчы быў павышаны да 4%, паведамляе «Польскае радыё».

Паводле звестак Міжнароднага валютнага фонду, адной з асноўных прычынаў запаволення сусветнай эканомікі з'яўляецца гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем, якая стала прычынай стагнацыі міжнароднага таваразвароту і зніжэння ўзроўню інвестыцый.

Паводле прагнозаў МВФ, да 2024 эканамічны рост Кітая замарудзіцца да 5,5%. У сваю чаргу, ужо налета эканоміка ЗША замарудзіцца да 2,1%. Што тычыцца ЕЗ, то ягоны эканамічны рост скароціцца да 1,2% у гэтым і 1,4% – у наступным годзе.

На фоне ЕЗ і свету даволі нядрэнна выглядае польская эканоміка. Міжнародны валютны фонд павысіў прагноз эканамічнага росту для Польшчы з 3,8% да 4%, гэта адзін з найлепшых паказнікаў у Еўропе. Налета рост ВУП Польшчы скароціцца і складзе 3,1%.

Чакаецца, што беспрацоўе застанецца на ўзроўні 3,8% як у гэтым, так і ў наступным годзе. У той самы час МВФ прагназуе скачок інфляцыі. Калі сёлета індэкс росту коштаў у Польшчы складзе 2,4%, то налета ён павысіцца да 3,5%.

Апошнія навіны