BE RU EN

Пракурор запытаў шэсць гадоў пазбаўлення волі для былога намесніка міністра аховы здароўя

  • 15.10.2019, 18:45

Абвінавачваны не прызнае віну цалкам.

Пракурор папрасіў прысудзіць былога намесніка міністра аховы здароўя Валерыя Шаўчука да 6 гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачваны не прызнае віну цалкам. Ён мяркуе: падораны iPhone і скураны партфель - гэта не махлярства або хабар, а падарунак. У боку абвінавачання іншае меркаванне.

Сёння ў судзе Савецкага раёна Менска адбыліся спрэчкі бакоў. Як стала вядома tut.by, пракурор Сяргей Гіргель папрасіў суд прызнаць вінаватым былога намесніка міністра аховы здароўя Валерыя Шаўчука ў атрыманні хабараў і махлярстве і прысудзіць да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Шаўчук быў затрыманы 25 лютага 2019 года. Спярша яго вінавацілі толькі паводле ч.3 арт.430 КК (Атрыманне хабару ў асабліва значнай суме), але ўжо ў часе працэсу пракурор выставіў новае абвінавачанне - дадалася ч.1, 2 арт.209 КК (Махлярства).

- Віну не прызнаю, - заяўляў абвінавачаны. - У мяне не было намеру на крадзеж шляхам махлярства. Рубцова (кіраўніца прадстаўніцтва французскай кампаніі - Заўвага.) загадзя аб падарунку не казала, наша сустрэча насіла кансультацыйны характар. Калі пасля размовы Рубцова перадала пакет, не ведаў пра яго змесціва. Пазней убачыў, што там тэлефон (IPhone 5. - Заўвага.), успрымаў гэтую рэч як падарунак, сувенір.

Ларыса Рубцова, кіраўніца прадстаўніцтва французскай кампаніі, асноўная хабарадавальніца не толькі ў справе Валерыя Шаўчука, але і начальніцы ўправы фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людмілы Рэуцкай. Рубцова ад крымінальнай адказнасці вызваленая і цяпер яе пяты дзень дапытваюць у судзе паводле справы Рэуцкай.

- Без крыўды, але ёсць такі дыягназ, як старэчы маразм. Ларыса Леанідаўна (сведка Рубцова. - Заўвага.) памятае, што было два гады таму, але не памятае, што было ўчора. Яна памятае толькі тыя моманты, якія ёй выгадныя, - звяртаўся да суда Валерый Шаўчук.

Былога намесніка міністра аховы здароўя абвінавачваюць у тым, што ад Ларысы Рубцовай ён атрымаў iPhone 5 і скураны партфель. Бок абвінавачвання расцаніў гэта як махлярства, бо Шаўчук не збіраўся нікому дапамагаць, а падарункі ўсё адно прыняў. А вось настольны набор з мармуру і 2 тысячы даляраў, на думку пракурора, гэта ўжо хабар. Атрымаўшы яго, абвінавачаны ўзгадніў наменклатуру кампаніі «Сцімэнэрджы» на фасоўку і ўпакоўку лекавых сродкаў, якая належыць мужу Рубцовай.

- Я сапраўды ўзгадніў наменклатуру, але такіх за час сваёй практыкі ўзгадніў больш за 500. Не было ніводнага выпадку адмовы, я быў зацікаўлены ў вытворчасці лекавых сродкаў, - тлумачыў у судзе Шаўчук.

- Але ж павінны быць хоць нейкія довады, апроч слоў Рубцовай! - звяртаў увагу суда абвінавачаны.

Што ж датычыцца куплі набору мэблі за кошт іншага абвінавачанага, хабарадавальніка і заснавальніка камерцыйнай кампаніі Алега Галавача, Шаўчук гэты эпізод наогул адмаўляе.

Прысуд Валерыю Шаўчуку будзе абвешчаны 21 кастрычніка.

Апошнія навіны