BE RU EN

Генеральны сакратар ААН: Расея парушыла Жэнеўскія канвенцыі датычна Крыма

  • 15.10.2019, 12:10

Украіна чакае далейшых крокаў ад міжнароднай супольнасці.

Украіна падзякавала кіраўніцтву ААН за афіцыйнае прызнанне парушэння Расеяй Жэнеўскіх канвенцый, праз свядомае перасяленне ёю людзей з мацерыковай часткі ва ўкраінскі Крым у спробах змяніць дэмаграфію акупаванага паўвострава.

Пра гэта заявіў сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Уладзімір Ельчанка падчас прэзентацыі даклада генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша пра сітуацыю з правамі чалавека ў акупаваным Крыме, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на «Укрінфарм».

«Згодна з дакладам (генсека ААН – рэд.), Расейская Федэрацыя заахвочвае перасоўванне ўласнага насельніцтва на паўвостраў, што з'яўляецца прамым парушэннем Жэнеўскіх канвенцый і відавочнай прыкметай спробаў змяніць дэмаграфічную структуру Крыма».

У гэтай сувязі Ельчанка адзначыў, што Украіна чакае далейшых крокаў ад ААН, накіраваных на спыненне гэтых незаконных дзеянняў з боку Расеі, а таксама на прадухіленне наступстваў падобнай дзейнасці акупацыйных уладаў.

Даклад генеральнага сакратара ААН пра стан выканання ўкраінскай рэзалюцыі ў абароне правоў чалавека ва часова акупаваным Крыме быў агучаны ў панядзелак на пасяджэнні Трэцяга камітэта Генасамблеі ААН.

Ельчанка падзякаваў кіраўніцтву Арганізацыі за падрыхтоўку дакумента, а таксама за выпуск 12 іншых дакладаў пра Крым.

Апошнія навіны